Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАТЫРЫ ЖАНЧЫНЫ Ў АДЧАІ РАСПАЧАЛІ ГАЛАДОЎКУ НА ГАЛОЎНАЙ ПЛОШЧЫ БАБРУЙСКУ


Аляксандар Сердзюкоў, Бабруйск

Яшчэ за 10 дзён жанчыны афіцыйны папярэдзілі адміністрацыі прадпрыемстваў і мясцовых чыноўнікаў, што калі тыя адмовяцца задаволіць іх патрабаваньні, то 13 жніўня яны пачнуць галадоўку. Усе чатыры жанчыны дзейнічаюць супольна, хоць кожная пры дапамозе галадоўкі спрабуе вырашыць уласную праблему. Трое з чатырох удзельніц акцыі пратэсту маюць дачыненьні да бабруйскай філіі Менскага трактарнага заводу і іх патрабаваньні зьвернутыя да яго кіраўніцтва.

У Яніны Аўсянік, якая выхоўвае дзіця-іваліда, муж на працягу 15 гадоў стаіць у чарзе на атрыманьне жыльля на гэтым прадпрыемстве. Летась сям’я была першая ў чарзе, але да гэтага часу не атрымала чатырохпакаёвую кватэру. Як паведаміла Яніна Аўсянік, ужо сёлета кватэры атрымалі людзі, што маюць дачыненьне да кіраўніцтва прадпрыемства.

Пра пазачарговае атрыманьне кватэраў чыноўнікамі кажа і былы галоўны бухгальтар прадпрыемства Любоў Санковіч, але яна патрабуе не кватэры, а аднаўленьня на працы і лічыць, што загад аб яе звальненьні выкліканы яе скаргамі на начальства. На працягу апошняга часу галоўны бухгальтар неаднаразова накіроўвала ў Міністэрства прамысловасьці і кантрольныя ворганы інфармацыю пра парушэньне фінансавай дысцыпліны і крадзяжы прадукцыі прадстаўнікамі адміністрацыі, аднак паперы зь Міністэрства вярталіся ў Бабруйск. Амаль адразу ж пасьля наведваньня прадпрыемства чыноўнікамі Камітэту дзяржкантролю, Санковіч была звольненая з працы.

Такі ж лёс напаткаў і камэнданта інтэрната гэтага прадпрыемства Еву Сімчук, якая стаіць у чарзе на жыльлё больш за 15 гадоў. Напярэдадні галадоўкі яна афіцыйна заявіла, што мае зьвесткі пра незаконнае атрыманьне кватэры дачкой кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёну Бабруйска Сяргея Цеплякова. Пры дапамозе галадоўкі яна спадзяецца вярнуцца на працу і атрымаць кватэру.

Яшчэ адна галадоўшчыца – работніца акцыянэранага таварыства “Фандок”, маці чатырох дзяцей Галіна Гусева. Яна пакутуе на анкалягічную хваробу, прапрацавала на “Фандоку” больш за 10 гадоў і дагэтуль ня мае асабістага жыльля.

За дзень да акцыі жанчынам прапанавалі пачакаць прыезду камісіі Камітэту дзяржкантролю, але яны не пагадзіліся і заявілі, што будуць весьці перамовы з прадстаўнікамі камісіі на месцы галадоўкі – на плошчы каля гарвыканкаму.

Жанчыны выйшлі на плошчу з плякатамі “Вярніце мне працу!”, “Спыніце рабаваньне народу!” і “Аддайце кватэру, якую ў мяне забралі!”. Апошні плякат выклікаў нэрвовую рэакцыю ў невядомага супрацоўніка міліцыі. Ён вырваў плякат у дзіцяці Яны Аўсянік, парваў яго і зьбег.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG