Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯ Ў ГОРАДНІ АРЫШТАВАЛА КАМПУТАРНУЮ ТЭХНІКУ АБ’ЯДНАНЬНЯ “РАТУША”, ЯКІМ КІРУЕ СЯМЁН ДОМАШ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

У памяшканьні "Ратушы" сёньня зьявілася шмат міліцыянтаў з абласнога ўпраўленьня па барацьбе з эканамічнай злачыннасьцю. Як сказаў мне старэйшы опэрупаўнаважаны Сяргей Буча, іхная мэта — спраўдзіць законнасьць набыцьця аргтэхнікі, якой карыстаюцца ў "Ратушы".

Я быў там а 15-й гадзіне, і ў памяшканьні яшчэ стаялі пустыя скрынкі і апячатаныя кампутары. Іх грамадзкае аб'яднаньне атрымала ў карыстаньне ад варшаўскага Інстытуту дапамогі дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе.

Ужо два тыдні ў "Ратушы" праводзяць праверку. Яна, як дапускаюць тут, можа працягнуцца нават да канца прэзыдэнцкіх выбараў. Па словах супрацоўнікаў "Ратушы", дакумэнты аб карыстаньні аргтэхнікай выдалі кантралёрам, але тыя пасьля зьніклі. Вось як пракамэнтаваў здарэньне старшыня "Ратушы" Аляксандар Мілінкевіч, ён жа кіраўнік перадвыбарчага штабу Сямёна Домаша:

(Мілінкевіч: ) "У выніку праверкі склалі пратакол, на падставе якога дзяржаўны кантроль зьвярнуўся да абласной міліцыі, каб у "Ратушы" канфіскаваць 7 кампутараў, ксэракс і іншую тэхніку. На сёньняшні дзень мы ня зможам выпускаць старонку Сямёна Домаша, якая рыхтавалася для Інтэрнэту ў "Ратушы". А таксама ня маем доступу да дакумэнтаў Домаша, якія неабходныя яму для перадвыбарчай кампаніі.

Сямён Мікалаевіч ужо зьвярнуўся ў Цэнтральную выбарчую камісію з тым, што гэта перашкаджае ягонай законнай дзейнасьці як прэтэндэнта ў кандыдаты. І мы чакаем, якія будуць вынікі".

Сёньня ж у рэдакцыі газэты "Пагоня" кіраўнік руху "За новую Беларусь" Васіль Лявонаў 2 гадзіны адказваў на тэлефонныя пытаньні гарадзенцаў. Паступіла больш за 40 званкоў. Большая частка тых, хто тэлефанаваў, выказвалася ў падтрымку Сямёна Домаша як кандыдата на прэзыдэнцкую пасаду. Яны выказвалі сумнеў у тым, што на яго ня ціснулі пры галасаваньні пяцёркі. Гэтыя людзі хацелі б галасаваць менавіта за Домаша, а не за Ганчарыка.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG