Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРАЕР БАЛЬЯН: МЫ ЧАКАЕМ, ЦІ ВЫКАНАЮЦЬ УЛАДЫ БЕЛАРУСІ СВАЕ АБЯЦАНЬНІ ВЫСТАВІЦЬ ЗАПРАШЭНЬНЕ Ў ПРАЦЯГУ 1-2 ДЗЁН


Валерыя Красоўская, Прага

(Красоўская: ) “Лукашэнка зрабіў заяву аб тым, што ён чакае, пакуль рашэньне аб назіраньні за беларускімі выбарамі прыме кіраўніцтва АБСЭ, а не, як ён вымавіўся, чыноўнікі з апарату гэтай арганізацыі. Тады, паводле яго словаў, Менск накіруе запрашэньне назіральнікам БДІПЧ. А насамрэч, хто ж прымае рашэньне пра накіраваньне назіральнікаў АБСЭ?”

(Бальян: ) “Рашэньне даслаць назіральнікаў на выбары 9 верасьня лідэрамі нашай арганізацыі ўжо было прынятае. Мы хацелі даслаць першую групу назіраньнікаў 1 жніўня, але ўлады Беларусі не дазволілі нам зрабіць гэты крок. Кіраўніца Цэнтарвыбаркаму на сваёй прэсавай канфэрэнцыі паведаміла, што БДІПЧ атрымае запрашэньне назіраць за выбарамі ў працягу аднаго-двух дзён. Гэта яе словы і мы будзем чакаць гэтыя дзень-два і паглядзім, ці будуць выкананыя гэтыя абяцаньні”.

(Красоўская: ) “Ці будуць на выбарах яшчэ нейкія назіральнікі апрача назіральнікаў БДІПЧ? Вашае Бюро арганізоўвае ўсё назіраньне з боку краінаў АБСЭ?”

(Бальян: ) “Усе інстытуцыі АБСЭ, а таксама Рада Эўропы і Эўразьвяз зрабілі заявы, што яны далучацца да місіі назіральнікаў. І гэтая аб'яднаная назіральніцкая місія будзе арганізаваная нашым Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека. Аб гэтым публічна было заяўлена некалькі тыдняў таму. Гэтая місія будзе адзінай ад усіх асноўных міждзяржаўных эўрапейскіх арганізацыяў”.

(Красоўская: ) “Якая схема назіраньня БДІПЧ? Што прадугледжвае доўгатэрміновае і кароткатэрміновае назіраньне, колькі назіральнікаў прыедзе ў Беларусь?”

(Бальян: ) “Як толькі мы атрымаем візы, мы адправім 20-25 доўгатэрміновых назіральнікаў, якія правядуць 4-5 тыдняў у краіне і будуць сачыць за ўсім працэсам – за рэгістрацыяй кандыдатаў, за законнасьцю выбараў і датрыманьнем правоў чалавека, а таксама выкананьня права кандыдатаў на свабоду слова … Перад днём выбараў мы дашлем больш за 200 так званых кароткатэрміновых назіральнікаў, якія правядуць у краіне каля тыдня. Доўгатэрміновыя назіральнікі накіруюць іх у рэгіёны, каб яны назіралі за працэсам у дзень выбараў, а таксама за падлікам галасоў. На наступны дзень пасьля выбараў, у панядзелак (магчыма, у панядзелак удзень) мы атрымаем заключэньне ад абодвух групаў назіральнікаў (каротка- і доўнатэрміновых), якое будзе ўключаць у сябе іх высновы. Зьмест гэтага заключэньня мы абвесьцім на прэсавай канфэрэнцыі, дзе будуць прысутнічаць прадстаўнікі ўсіх інстытуцыяў АБСЭ, Эўрапейскага Зьвязу, Рады Эўропы і, магчыма, Эўрапейскага Парлямэнту”.

Апрача таго Граер Бальян паведаміў, што сам асабіста зьбіраецца прысутнічаць у верасьні на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG