Сьледзтва па справе Аляксандра Чыгіра рэспубліканская пракуратура чарговы раз падоўжыла да 24 жніўня — яна палічыла сабраныя доказы віны непераканаўчымі. Дарэчы, паказальна, што наглядам за гэтай быццам бы звычайнай крымінальнай справай займаецца менавіта рэспубліканская пракуратура.
Міхаіл Чыгір мяркуе, што сына перасьледуюць з палітычных прычынаў. "Улады вырашылі ягоным арыштам і абвінавачаньнямі ў крадзяжы аўтамабіляў дыскрэдытаваць мяне як патэнцыйнага ўдзельніка прэзыдэнцкіх выбараў", — гэтак пракамэнтаваў яшчэ сёлета ў лютым арышт Аляксандра Міхаіл Чыгір.
Адметна, што ціск на Аляксандра Чыгіра зьменшыўся, калі стала відавочна, што Чыгір-старэйшы ня будзе ўдзельнічаць ў выбарах.
Улады, аднак, працягваюць кампанію дыскрэдытацыі экс-прэм'ера. Яшчэ ў красавіку павінен быў пачацца суд паводле пазову Чыгіроў да БТ за распаўсюд зьвестак, якія яны лічаць паклёпам, але слуханьні з розных прычынаў увесь час адкладаюць.
Што да Аляксандра Чыгіра, то ён віны не прызнае і на сустрэчах з адвакатам выказвае ўпэўненасьць, што суд здыме зь яго ўсе абвінавачаньні.