Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЕГ АЛКАЕЎ: ГЭТЫ РАПАРТ СКЛАДАЎ Я…


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Палкоўнік міліцыі Алег Алкаеў падзяляе меркаваньне былых сьледчых пракуратуры Петрушкевіча і Случака, якія заявілі, што пісталет для выкананьня сьмяротных прысудаў выкарыстоўвалі дзеля зьнішчэньня апазыцыянэраў. Гэтую інфармацыю, распаўсюджаную ўчора Ўладзімерам Ганчарыкам, пацьвердзіла Свабодзе вартая даверу крыніца, зь якой Алкаеў меў тэлефонную размову.

"Учора мне тэлефанаваў Алкаеў, цікавіўся сытуацыяй у краіне, маімі меркаваньнямі наконт таго, ці можа ён зараз вярнуцца дамў. Зь ягоных словаў зразумела, што яго расшукваюць, каб ён абверг свой рапарт на імя міністра Навумава, у якім ідзе гаворка пра пісталет для асуджаных на сьмерць. Але рабіць гэтага палкоўнік не жадае. "Гэты рапарт складаў я, і адмаўляцца ад сваіх словаў не зьбіраюся. Я буду адчуваць сябе злачынцам, калі адмоўлюся ад гэтых сьведчаньняў", — такія словы Алкаева цытуе крыніца.

Крыніца сьцьвярджае, што ў былога начальніка Менскага СІЗА амаль не засталося сумневу ў тым, для чаго камандзіру СОБРу Паўлічэнку загадам тагачаснага міністра ўнутраных справаў Сівакова перадавалі пісталет, зь якога забіваюць асуджаных на сьмерць. "Калі пісталет быў патрэбны для іншых мэтаў — што перашкаджае назваць гэтыя мэты і прывесьці доказы. Але сказаць няма чаго, ніякіх доказаў няма, і таму яны дамагаюцца, каб я адмовіўся ад свайго рапарту", — гэтак, паводле крыніцы, сказаў Алег Алкаеў.

Крыніца не ўдакладніла, зь якой краіны тэлефанаваў Алег Алкаеў. "У мяне склалася ўражаньне, што палкоўнік у роспачы. Ён хацеў бы вярнуцца ў Беларусь, хацеў бы працягваць службу, але ўсьведамляе, што трапіў у вельмі складаную сытуацыю. Фактычна, у закладніках у Беларусі засталася ягоная сям'я, жонка і два сыны, але і зрабіць нешта насуперак свайму сумленьню палкоўнік ня ў стане", — сказала крыніца. Нежаданьне раскрыць сваё імя гэты чалавек, вядомы ў краіне палітык, патлумачыў меркаваньнямі ўласнай бясьпекі.

Сёньня мне ўдалося зьвязацца па тэлефоне з жонкай Алега Алкаева Ірынай. Яна адмовілася даваць падрабязнае інтэрвію пра свайго мужа, абмежаваўшыся толькі наступнай заявай:

(Алкаева: ) "Ён зьехаў у адпачынак і пакуль не зьбіраецца вяртацца, ўлічваючы цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі".

На маю просьбу патлумачыць, што яна мае на ўвазе , калі гаворыць пра сытуацыю ў Беларусі, Ірына Алкаева заявіла:

(Алкаева: ) "Ведаеце, я не хацела б адказваць на гэтыя пытаньні, бо ўсё трапляе ў прэсу, і я ня ведаю, як мае словы будуць трактавацца. Пакуль больш нічога я не скажу", — заявіла жонка былога начальніка менскага СІЗА Алега Алкаева, які зьехаў зь Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG