Лінкі ўнівэрсальнага доступу

FRANKFURTER RUNDSCHAU ПРА ЗЬНІКНЕНЬНІ Ў БЕЛАРУСІ


Сяргей Шупа, Прага

«Беларускія ўцекачы вінавацяць прэзыдэнта Лукашэнку ў арганізацыі выкраданьняў і забойстваў апанэнтаў рэжыму, - паведамляе ў загалоўку аўтар артыкулу ў Frankfurter Rundschau Штэфан Кох. Далей аўтар піша:

На беларускае кіраўніцтва падае жахлівае падозраньне: за чатыры тыдні да прэзыдэнцкіх выбараў яно абвінавачваецца ў арганізацыі зьнікненьня апазыцыянэраў. Гэтыя абвінавачаньні ня толькі што паходзяць з самой Беларусі, яны былі вельмі сур’ёзна ўспрынятыя і ў Злучаных Штатах Амэрыкі.

Чуткі пра гэта хадзілі ўжо не адзін год. Аднак раней той, хто сьцьвярджаў, што ў Менску існуе адмысловая група, якая на загад згары зьнішчае людзей, мог бы быць абазваны апазыцыйным бунтаўніком. Цяпер, у поўні прэзыдэнцкай кампаніі, нават урад ЗША разглядае гэтыя падозраньні як цалкам праўдападобныя: прэсавы сакратар Дзяржаўнага Дэпартамэнту Чарлз Гантэр заявіў у Вашынгтоне, што існуюць «вартыя даверу і падрабязныя сьведчаньні» пра забойствы людзей у Беларусі. Гэтак званы эскадрон сьмерці апошнімі гадамі мэтанакіравана выкрадаў і забіваў вядучых дзеячоў апазыцыі. Гэтая інфармацыя паходзіць перадусім ад дваіх беларускіх уцекачоў, якія атрымалі палітычны прытулак у Злучаных Штатах.

Зьміцер Петрушкевіч і Алег Случак у якасьці супрацоўнікаў дзяржаўнай пракуратуры расьсьледавалі справу аб зьнікненьні тэлеапэратара Зьмітра Завадзкага, які зьнік бязь сьледу у ліпені 2000 году. Пасьля таго, як адзін сьледчы ў гэтай справе нечакана памёр, а адзін сьведка нібыта быў забіты, яны наважыліся на ўцёкі. «Гэта было адзінае слушнае рашэньне, і мы вельмі сур’ёзна ставімся да іхных сьведчаньняў», - заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Гантэр.

Незалежна ад ніякіх падозраньняў, - піша далей Frankfurter Rundschau, - ёсьць неаспрэчныя факты: Віктар Ганчар, Генадзь Карпенка, Анатоль Красоўскі і Юры Захаранка былі аднымі з самых уплывовых палітыкаў і бізнэсоўцаў, якія не хавалі свайго крытычнага стаўленьня да Аляксандра Лукашэнкі. І яны зьніклі бязь сьледу, як Завадзкі, або памерлі пры няясных абставінах, як Карпенка.

Паводле сьведчаньняў уцекачоў, гэтыя людзі сталіся ахвярамі адмысловай групы, на рахунку якой ­ некалькі дзясяткаў забойстваў. Чатыры гады таму прэзыдэнт Лукашэнка даў загад тагачаснаму шэфу Рады Бясьпекі Віктару Шэйману стварыць спэцаддзел, задача якога ­ арганізоўваць зьнікненьне палітычных апанэнтаў, не пакідаючы за сабою ніякіх сьлядоў.

Што праўда, як зазначаюць заходнія назіральнікі, пры апошняй «апэрацыі» у эскадрона сьмерці выйшла асечка. Зьнікнуць мусіў не апэратар Завадзкі, а журналіст расейскага каналу ОРТ, зь якім Завадзкі меўся сустрэцца ў аэрапорце Менск-2. І вось цяпер сьледзтва зацягваецца да бясконцасьці, колішні генэральны пракурор хаваецца за мяжою. Зьвесткі пра эскадрон сьмерці абапіраюцца ня толькі на сьведчаньні службоўцаў, але й на дакумэнты, якія перадаў публічнасьці кіраўнік беларускіх прафсаюзаў і прэтэндэнт на прэзыдэнцкую пасаду Ўладзімер Ганчарык. Гэтыя дакумэнты былі перададзеныя 61-гадоваму Ганчарыку ананімна. Відавочна, супраціўнікі рэжыму палічылі, што выказаць публічна абвінавачаньні рэжыму не рызыкуючы жыцьцём можа толькі вядомы ва ўсёй краіне апанэнт аўтарытарнага рэжыму.

Іншыя жыхары Менску таксама патрабуюць ад уладаў тлумачэньняў: школьнікі й студэнты ўжо каторы тыдзень разьвешваюць на гарадзкіх сьценах і платах партрэты зьніклых. Нават калі апазыцыянэры зьнікаюць імгненна, памяць пра іх будзе захоўвацца яшчэ доўга.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG