Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СПРАВЕ РАСЬСЬЛЕДАВАНЬНЯ ВЫБУХУ ЛЯ БУДЫНКУ АМБАСАДЫ РАСЕІ ЗЬЯВІЎСЯ ГАЛОЎНЫ ПАДАЗРАВАНЫ


Ягор Маёрчык, Менск

Кіраўніцтва Маладога Фронту на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі назвала гэтыя допыты "запалохваньнем". І ў выпадку далейшага перасьледу сяброў МФ абяцае правесьці "акцыі ў адказ".

За апошнія чатыры дні супрацоўнікі КГБ дапыталі блізу 20 сяброў Маладога Фронту ў якасьці сьведак па справе выбуху ля амбасады Расеі. Актывісты Маладога Фронту лічаць, што падчас уручэньня позваў і наступных допытаў сьледчыя неаднаразова парушалі закон. Так, супрацоўнікі КГБ спрабавалі гвалтам ўламацца ў кватэру да Зьмітра Касьпяровіча, пасьля таго, як ягоная маці адмовілася ўзяць позву. А Міхася Шаўцова пагражалі арыштаваць і правесьці вобшук, калі ён ня зьявіцца на допыт.

Уладзімер Лабковіч згадвае, як дапытвалі яго:

(Лабковіч: ) "Супрацоўнік КГБ пачаў араць: мы вас ведаем! Чаму і як вас вучаць! Вы ўсе за гэта адкажаце! Гэта цябе ў Літве такому навучылі! Мы з вамі ўсімі разьбярэмся! У яго здалі нэрвы і ён пачаў крычаць, што гэта я ўзарваў расейскую амбасаду".

Натальлю Маковік супрацоўнікі КГБ выклікалі на допыт у дзень яе народзінаў. Натальля, якая падчас выбуху 30 траўня была па-за межамі Беларусі, пацікавілася ў лейтэнанта КГБ Уладзімера Тананайкі, паводле якога прынцыпу яны выклікаюць людзей на допыты.

(Маковік: ) "Ён сказаў, што ў Цэнтральным упраўленьні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі распачатае расьсьледаваньне па тэрарыстычным акце. У гэтым Цэнтральным упраўленьні ляжаць дакумэнты на тых людзей, якія падазраюцца. Гэта людзі, якія былі калісьці ў чымсьці заўважаныя, у нейкай дзейнасьці. І зараз усе гэтыя людзі "прачосваюцца". Будуць праведзеныя допыты, узятыя тлумачэньні. Будуць гэтыя алібі правераныя, і калі дзесьці будуць узьнікаць пытаньні, то гэтыя людзі могуць перайсьці у лік абвінавачваных".

На ўсіх допытах супрацоўнікі КГБ сьцьвярджалі, што ўжо ёсьць галоўны падазраваны — маладафронтавец Іван Тамашэвіч. Самаго Івана на допыт яшчэ не выклікалі. Увагу да сваёй асобы ён тлумачыць тым, што актыўна ўдзельнічае ў акцыях Маладога Фронту.

Кіраўніцтва моладзевай арганізацыі называе допыты сваіх сяброў у КГБ "акцыяй запалохваньня" і цьвердзіць, што спэцслужбу "цікавіць зусім не тэракт у расейскай амбасадзе, а арганізацыя і дзейнасьць Маладога Фронту".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG