Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПАЛАЦЫ МАСТАЦТВАЎ – ВЫНІКОВАЯ ВЫСТАВА ПЛЕНЭРУ, ПРЫСЬВЕЧАНАГА КАРАТКЕВІЧУ


Юрась Барысевіч, Менск

У Палацы мастацтваў адчынілася выніковая выстава міжнароднага дзіцячага пленэру, прысьвечанага Ўладзімеру Караткевічу. Пленэр традыцыйна, ужо ў сёмы раз, адбываўся на радзіме пісьменьніка ў Воршы. Сёлета ў гэтай мастацкай акцыі ўзялі ўдзел дзеці зь Нямеччыны, Летувы, Баўгарыі, Расеі, Украіны, Армэніі, у тым ліку — сіроты й дзеці-інваліды.

У рэдакцыі газэты “Навінкі” штодня а 18-й гадзіне праходзяць паказы дакумэнтальных фільмаў праваабарончае тэматыкі, якія сталі ляўрэатамі чэскага кінафэстывалю “Адзін сьвет”. Плянавалася, што паказы адбудуца ў Музэі гісторыі кіно, але дырэкцыя музэю, хоць і ўзяла грошы за арэнду, памяшканьня не дала. Вінаваты ў зрыве фэстывалю старшыня Дзяржаўнага рэгістру кінавідэафільмаў Юры Цьвяткоў, які асабіста забараніў публічны паказ праваабарончых стужак.

Уладзімер Мулявін рыхтуе прэзэнтацыю Цэнтру-тэатру “Песьняроў”. Мяркуецца, што “Песьняры” будуць паказваць там усе свае 14 канцэртных праграмаў, створаныя за 32 гады гісторыі ансамблю. Апроч уласна “Песьняроў”, пад шыльдаю Цэнтру-тэатру будуць выступаць яшчэ некалькі эстэтычна блізкіх гуртоў, у тым ліку — ансамбаль “Лявоны”.

У гарадзенскім Доме-музэю пісьменьніцы Элізы Ажэшкі адчынілася новая экспазыцыя, якая максымальна блізка ўзнаўляе атмасфэру стогадовае даўніны, калі Ажэшка жыла ў гэтым доме. Выстаўляюцца тагачасныя газэты, у якіх друкаваліся ейныя творы, ідэнтычная мэбля, копіі тагачасных карцінаў. У часе ІІ Усясьветнае вайны музэй Ажэшкі быў разрабаваны. Цяпер у ім месьціцца філія абласное бібліятэкі.

Студыя гуказапісу Белтэлерадыёкампаніі выпусьціла альбом дуэту “Аляксандра й Канстанцін”. У альбоме “За ліхімі за туманамі” пераважаюць беларускія народныя песьні ў нязвыклай джазавай апрацоўцы. На дыску стаіць лёгатып жодыньскага заводу "БелАЗ", які фундаваў гэты запіс. Адну з гітараў, што гучаць у альбоме, дуэту “Аляксандра й Канстанцін” падарыў “пясьняр” Лявон Барткевіч.

У Музэі гісторыі літаратуры праходзіць выстава нямецкага фотамастака Ёрга Арднэра — адзінага замежнага сябры беларускага фотаклюбу “Менск”. Арднэр пяць гадоў жыў у Беларусі й менавіта тут навучыўся рабіць мастацкія здымкі. На выставе ёсьць кадры, зьнятыя ў розных краінах і апрацаваныя ў розных кампутарных тэхналёгіях. На некаторых здымках беларускія хаты выглядаюць як эўрапейскія замкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG