Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДОМАШ І ГАНЧАРЫК У СУМЕСНАЙ ЗАЯВЕ АБВЕРГЛІ ПАВЕДАМЛЕНЬНІ АБ СУПЯРЭЧНАСЬЦЯХ ПАМІЖ ІМІ


Віталь Цыганкоў, Менск

Сёньня Ўладзімер Ганчарык і Сямён Домаш прынялі супольную заяву, у якой пацьвердзілі ўсе ранейшыя дамоўленасьці, дасягнутыя ў складзе "пяцёркі". "Апошнім часам беларускімі дзяржаўнымі СМІ распаўсюджваюцца чуткі пра супярэчнасьці між намі. Мы з поўнай адказнасьцю запэўніваем грамадзянаў Беларусі, нашых прыхільнікаў, што застаемся вернымі прынятым на сябе забавязаньням — ісьці разам да нашай агульнай перамогі", — гаворыцца ў супольнай заяве двух дэмакратычных кандыдатаў. "Мы заяўляем, што нашая дамоўленасьць пра вылучэньне адзінага кандыдата на надыходзячых прэзыдэнцкіх выбарах застаецца ў сіле. У шэрагах нашых паплечнікаў няма рознагалосьсяў і хістаньняў. Колькасьць нашах прыхільнікаў расьце з кожным днём".

Прынятая на расейскай мове заява заканчваецца словамі "ў адзінстве — нашая сіла".

Пракамэнтаваць неабходнасьць прыняцьця такой заявы мы папрасілі Сямёна Домаша...

(Карэспандэнт: ) "Каму, на Ваш погляд, было выгодна распускаць тыя чуткі, якія вы абверглі ў гэтай заяве?"

(Домаш: ) "У першую чаргу — уладам, хутчэй за ўсё. А таксама тым, хто ня хоча перамогі дэмакратычных сілаў на выбарах. Таму што празь дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі якраз усе гэтыя чуткі й разыходзяцца".

(Карэспандэнт: ) "У заяве гаворыцца: "сярод нашых паплечнікаў няма рознагалосьсяў і хістаньняў". Ці не занадта сьмелае сьцьверджаньне?"

(Домаш: ) "Але так яно і ёсьць. Калі там ёсьць невялікія розныя падыходы да кампаніі — гэта не гаворыць пра тое, што ёсьць нейкія супярэчнасьці".

(Карэспандэнт: ) "Ці можна чакаць далейшага разьвіцьця вашых дамоўленасьцяў з Ганчарыкам — ня толькі гэтая заява, а таксама іншыя супольныя крокі, дакумэнты?.."

(Домаш: ) "Не выключана. Можа, паміж намі будзе заключанае пагадненьне".

Тым часам паводле папярэдніх вынікаў спраўджваньня падпісных лістоў, усе чатыры прэтэндэнты працягнуць барацьбу за прэзыдэнцкае крэсла. Паводле інфармацыі, якая сыходзіць з ЦВК, Аляксандар Лукашэнка, Сяргей Гайдукевіч, Уладзімер Ганчарык і Сямён Домаш пасьля праверкі страцілі толькі нязначную колькасьць подпісаў і ў выніку кожны зь іх сабраў неабходныя для рэгістрацыі 100 тысячаў подпісаў грамадзянаў. Ужо падведзеныя вынікі ў большасьці абласных выбарчых камісіяў, і там страты ва ўсіх патэнцыйных кандыдатаў не перавышаюць некалькіх адсоткаў.

Канчатковыя вынікі спраўджваньня будуць падведзеныя на паседжаньні ЦВК 8 жніўня. А ў нядзелю, 5 жніўня пачнецца этап рэгістрацыі кандыдатаў на прэзыдэнта, які працягнецца 10 дзён — да 15 жніўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG