Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАПАЗЫЧАНАСЬЦЬ ПА ЗАРОБКАХ З ПАЧАТКУ ГОДУ ВЫРАСЛА Ў ЧАТЫРЫ РАЗЫ І ДАСЯГНУЛА 12,5 МІЛЬЯРДАЎ РУБЛЁЎ


Ігар Карней, Менск

Пачынаючы са студзеня 2001 году, запазычанасьці ў заробках павялічыліся ў чатыры разы й дасягнулі 12,5 мільярдаў рублёў. Паводле інфармацыі першага намесьніка Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай Франца Вітко, больш за іншых пакутуюць ад нявыплатаў у Магілеўскай, Берасьцейскай і Менскай абласьцях. У гэтых рэгіёнах нясвоечасова атрымліваюць грошы кожны 12-ы, 20-ы й 25-ты рабочы адпаведна. Усё часьцей з рэгіёнаў прыходзяць зьвесткі пра стыхійныя страйкі.

Тры чвэрці ад тых, хто вымушаны чакаць заробкі цягам некалькіх месяцаў — сяляне. Да нядаўняга часу запазычанасьці ў сельскай гаспадарцы былі самымі вялікімі й складалі амаль 10 мільярдаў рублёў. Вонкавыя зьмены ў аграпрамысловым комплексе адбыліся 9 ліпеня. Тады ў выніку прыцягненьня крэдытных рэсурсаў было абвешчана, што сума запазычанасьцяў зьменшылася да 4 мільярдаў рублёў. Але паводле некаторых эканамістаў, у часе чарговае "бітвы за ўраджай" такі крок ўрэшце зноў зацягне калгасы ды саўгасы ў даўгавую яму. Вось што мяркуе з гэтай нагоды эканаміст Васіль Шлындзікаў.

(Шлындзікаў: ) "За што б ні ўзялася нашая ўлада (ці то за сельскую гаспадарку, ці то за экспарт, або кагосьці пачалі падтрымліваць) — усё гэта заканчваецца сумна: як сьлед, вынік зусім адваротны. Замест абяцаных, але нерэальных заробкаў будуць дазавана выплочваць столькі, каб хапіла атруціць народ "чарнілам".

Дзеля таго, каб кардынальна пераўтварыць любую галіну, трэба стварыць нармальныя рынкавыя ўмовы, нармальнае рынкавае асяродзьдзе; а ўжо рынак сам будзе рэгуляваць і коштавую палітыку, і палітыку заробкаў. Калі па-ранейшаму будзе заставацца манаполія дзяржавы, дык, словамі былога расейскага прэм'ера Чарнамырдзіна — нават пры добрых намерах "усё будзе як заўсёды",— сказаў Васіль Шлындзікаў.

Больш за ўсіх ад хранічнай адсутнасьці грошай пакутуюць шэраговыя грамадзяне, бальшыня зь якіх сумленна адпрацавалі на карысьць дзяржавы па некалькі дзясяткаў гадоў. На гэткія заробкі людзі ня могуць сабе дазволіць самага элемэнтарнага. Гаворыць супрацоўніца аднаго з хлебакамбінатаў Марыя Саўчанка.

(Саўчанка: ) "Сабе адмаўляем ва ўсім. Заробку хапае толькі на прадукты першай неабходнасьці: хлеб, цукар, соль. Пра нейкія рэчы й казаць няма чаго. Мы іх проста ня ў стане набыць. Апошняе даношваем, што яшчэ пры Брэжневе куплялі — і ўсё".

Агульную сытуацыю пагаршае імклівы рост індэксу спажывецкіх коштаў. За паўгады гэты паказьнік склаў 76% у параўнаньні з годам мінулым, што стала абсалютным рэкордам сярод краінаў СНД.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG