Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПУЦІН ЗАЯВІЎ, ШТО РАСЕЯ НЯ БУДЗЕ ЎМЕШВАЦЦА Ў ХАДУ ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАЎ У БЕЛАРУСІ


Сьвятлана Карпякова, Сочы

Пасьля заканчэньня сустрэчы, на якой абмяркоўвалася шырокае кола пытаньняў двухбаковых адносінаў, Уладзімер Пуцін заявіў, што Расея ня можа і ня будзе ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі ў сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі. “Выбар – выключна за народам Беларусі,” – падкрэсьліў прэзыдэнт Расеі. Паводле словаў расейскага лідэра, яго размовы з Лукашэнкам праходзілі энэргічна і дастаткова востра, аднак, па словах Пуціна, абодва кіраўнікі задаволеныя ўзроўнем разьвіцьця гандлёва-эканамічных стасункаў паміж дзьвюма краінамі. Як адзначыў Пуцін, рэалізацыя толькі аднаго праекту – транзыту расейскага газу праз тэрыторыю рэспублікі ў Заходнюю Эўропу – пазітыўна паўплывае на жыцьцёвы ўзровень беларусаў, а ў выніку пасьпяховай рэалізацыі гэтага праекту Беларусь зможа забясьпечваць сябе газам за кошт транзытных паслугаў. Дарэчы, на 29 жніўня заплянаванае чарговае паседжаньне Савету Міністраў Саюзнай дзяржавы, у парадку дня якога больш як 17 пытаньняў, што тычацца паскарэньня тэмпаў інтэграцыйных працэсаў у эканамічнай галіне. Сярод іх – фармаваньне адзінай эканамічнай прасторы, выкананьне саюзнага бюджэту і іншыя.

3 жніўня ў другой палове дня Александр Лукашэнка выляцеў з Сочы ў Менск.

Між тым, некаторыя маскоўскія мэдыі выказваюць меркаваньні, што Расея, нягледзячы на заявы Пуціна, усё ж не застанецца ўбаку ад сытуацыі, якая складаецца ў Беларусі напярэдадні выбараў. Расейскія камуністы ўжо вызначылі сваю пазыцыю. Учора лідэр КПРФ Генадзь Зюганаў заявіў Інтэрфаксу, што Расея павінна не дапусьціць разьвіцьця падзеяў у Беларусі паводле югаслаўскага сцэнару, у выніку якога да ўлады можа прыйсьці беларускі Каштуніца. Па словах Зюганава, на сёньняшні дзень ёсьць падставы сьцьвярджаць, што ў Беларусі дзейнічаюць сілы, зацікаўленыя у зьнікненьні Лукашэнкі з палітычнай арэны. У гэтай сувязі, лічыць кіраўнік КПРФ, Расея ня можа ня дзейнічаць. У першую чаргу ёй трэба выкарыстаць расейскіх спэцыялістаў, якія ў стане дапамагчы разабрацца, што за службы працуюць сёньня на тэрыторыі Беларусі і назваць тых, хто займаецца бруднай работай, – заявіў Зюганаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG