Рэктар Беларускага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка Леанід Ціханаў адзначыў у інтэрвію Радыё Свабода, што за апошнія тры гады ў ягонай установе значна паболела абітурыэнтаў і студэнтаў — прыхільнікаў беларускае мовы.
(Ціханаў: ) "На беларускае аддзяленьне — адзін з найвялікшых конкурсаў ва ўнівэрсытэце".
(Карэспандэнтка: ) "З чым Вы гэтае зьвязваеце?"
(Ціханаў: ) "Са сьвядомасьцю. Жадаюць вывучаць, жадаюць рыхтавацца, бачаць нейкую пэрспэктыву. У нас ёсьць такая цікавая спэцыяльнасьць — "Геаграфія й беларуская мова". На яе конкурс — адзін з найвялікшых. Ёсьць аддзяленьне "беларуская мова й замежная мова" — там было 8 чалавек на месца".
Паводле словаў Леаніда Ціханава, сёлета такія вялікія конкурсы былі практычна на ўсе дысцыпліны, зьвязаныя зь беларускай моваю.
Што да іншых вышэйшых навучальных установаў, дык прыкладам у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце конкурс на аддзяленьне беларускай мовы быў большым за конкурс на аддзяленьне расейскай мовы. Сытуацыю тлумачыць прэсавы сакратар БДУ Ігар Чарткоў.
(Чарткоў: ) "Быў конкурс на беларускую мову — 3,39, а на расейскую — 2,7. Ёсьць тэндэнцыя — нашыя людзі з кожным годам усё горш па-расейску размаўляюць. У апошнія гады абітурыенты скіраваныя ўжо не на расейскую мову, а на замежную. Бо на замежныя мовы зараз велізарны конкурс. Маладыя людзі скіроўваюцца ў бок Захаду..."
Паводле словаў Ігара Чарткова, найвялікшы конкурс у БДУ быў на спэцыяльнасьць "Сучасная ангельская мова й літаратура" — больш за 10 чалавек на месца. А вось у Лінгвістычным унівэрсытэце адзін з самых вялікіх конкурсаў — на дысцыпліну "Ангельская й беларуская мова".
Да моўных адметнасьцяў сёлетняе ўступнае кампаніі, варта дадаць яшчэ адную. У Таварыстве Беларускае Мовы прааналізавалі зьмест тых працаў, што пісаліся па-беларуску, і заўважылі цікавыя рэчы. Гаворыць старшыня ТБМ Алег Трусаў.
(Трусаў: ) "Прыкладам, многія цытуюць ня толькі Быкава, але і Ўладзімера Арлова ў сваіх сачыненьнях, пры адказах выступаюць за вяртаньне сымболікі. Мне распавядалі выкладчыкі, што зараз масава ідзе моладзь, якая пры іспытах і сумоўях проста выказвае свае думкі наконт мовы, гісторыі... Моладзь ужо не падладжваецца, як мы ў свой час... Ня пішуць яны пра Лукашэнку, наадварот, лічаць, што сытуацыя ў краіне павінна зьмяніцца".
(Карэспандэнтка: ) "Якая рэакцыя была на такія выступы? Якія адзнакі атрымлівалі?"
(Трусаў: ) "Як правіла, добрыя. Зараз чынавенства зрабіла выгляд, што нічога ня чуе. Адмоўнае рэакцыі, за некаторым выключэньнем, на гэтых абітурыентаў не было".
Алег Трусаў зазначыў яшчэ адную асаблівасьць уступнае кампаніі — у Таварыства Беларускай Мовы часта зьвярталіся з пытаньнямі наконт Беларускага Нацыянальнага ўнівэрсытэту. Адметна, што тэлефанавалі ня толькі абітурыэнты, але й студэнты, якія былі гатовыя перайсьці са сваіх навучальных установаў у Нацыянальны ўнівэрсытэт.