Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛКОЎНІК БАРАДАЧ: ЗАХАРАНКА БЫЎ СУПРАЦЬ ВЫКАРЫСТАНЬНЯ СОБРУ Ў ПАЛІТЫЧНЫХ МЭТАХ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Уладзімер Барадач, былы камандзір брыгады вайсковага спэцназу ў Мар'інай Горцы, пракамэнтаваў для Радыё Свабода ўчорашнія заявы Аляксандра Лукашэнкі на адрас экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі. Ўладзімір Барадач пацьвердзіў, спаслаўшыся на свае размовы зь Юрыем Захаранкам, зь якім сябраваў, што той, сапраўды, прапанаваў Лукашэнку стварыць пры брыгадзе ўнутраных войскаў адмысловы атрад хуткага рэагаваньня — СОБР. Але, паводле словаў Барадача, экс-міністар ставіў перад гэтым фармаваньнем выключна праваахоўныя мэты:

"Натуральна, што калі ён ствараў гэты атрад, дык выключаў палітычны тэрарызм. Меліся на ўвазе толькі задачы барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю",— сказаў Уладзімер Барадач.

Ён патлумачыў, што гэтая барацьба не была накіраваная на незаконнае фізычнае зьнішчэньне "крымінальнікаў". Ставілася мэта выяўляць лідэраў злачынных груповак і праводзіць законныя апэрацыі па іх затрыманьню. "Безумоўна, група рыхтавалася да сытуацыяў, калі "крымінальнікі" пачынаюць аказваць ўзброены супраціў, але гэта не было галоўным. Калі СОБР пад кіраўніцтвам Паўлючэнкі сапраўды стаў "эскадронам смерці", дык толькі пасля сыходу Захаранкі ў адстаўку, бо ў рэчышчы ягонае палітыкі ня йшло ніякае гаворкі пра нейкія незаконныя дзеяньні",— запэўніў палкоўнік у адстаўцы Ўладзімер Барадач. Ён нагадаў словы, неаднаразова чутыя ад Захаранкі: "Я сказаў Лукашэнку, што закон парушаць ня буду, у свой народ страляць ня буду".

Уладзімер Барадач ня верыць ў вэрсію Лукашэнкі пра тое, што апазыцыя нібыта прапаноўвала Паўлючэнку перайсьці ў свой лягер.

"Гэта выключана ў прынцыпе, каб нейкі ідыёт прыйшоў да Паўлючэнкі й прапанаваў яму змагацца з прэзыдэнтам...",— лічыць Барадач. Перш за ўсё таму, што ў апазыцыі дастаткова ведаюць пра гэтага чалавека, і яшчэ таму, што ніхто з апазыцыянэраў ня возьме на сябе адказнасьць гарантаваць недатыкальнасьць тым, хто парушаў закон. Такія незаконныя гарантыі, на думку Ўладзімера Барадача, дае ў Беларусі толькі адзін чалавек...

Аднак Уладзімер Барадач не адхіліў зусім вэрсію, паводле якой прычынаю зьнікненьня Захаранкі маглі стаць ягоныя фінансавыя праблемы. Уладзімер Барадач, які ў складзе грамадзкай камісіі займаецца расьсьледаваньнем зьнікненьня Захаранкі, аддае гэтай вэрсіі 15%. Бо, паводле ягонай інфармацыі, пасьля адстаўкі Захаранка пэўны час займаўся пасярэдніцкай камэрцыйнай дзейнасбцю. "Але 70% — за тое, што гэта ўсё ж палітычнае злачынства",— кажа Ўладзімер Барадач.

Затое жонка Віктара Ганчара Зінаіда цалкам абвяргае словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, быццам яе муж зьнік таму, што "набраў грошай і трэба было разьлічвацца".

(Зінаіда Ганчар: ) "Асабіста я ні пра якія фінансавыя праблемы Ганчара ня ведала й ня ведаю. Я ведаю, што іх ўвогуле быць не магло, бо за гэты час да мяне ніхто не зьвяртаўся зь нейкімі фінансавымі патрабаваньнямі. У нас не было ніякіх грашовых запасаў і мы жывем зараз толькі дзякуючы падтрымцы сяброў",— заявіла Радыё Свабода Зінаіда Ганчар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG