Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІМІ ПРЫНЦЫПАМІ КІРУЕЦЦА АДМІНІСТРАЦЫЯ ПРЭЗЫДЭНТА БУША Ў СВАЁЙ ПАЛІТЫЦЫ?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Тое, што Джордж Буш і ягоныя дарадцы пераглядаюць асобныя дамовы, аўтар артыкулу Том Шэнкер тлумачыць тым, што цяперашняя амэрыканская адміністрацыя выбірае сваю зьнешнюю палітыку не на падставе філязофіі ізаліцыянізму ці аднабаковасьці, але ў згодзе перадусім з нацыянальнымі інтарэсаму краіны ў нуклеарную эру.

За тыя шэсьць месяцаў, што прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш знаходзіцца ва ўладзе, ён адрынуў дамову пра барацьбу з глябальным пацяпленьнем, адхіліў пратаколы, скіраваныя на забарону бактэрыялягічнае вайны, запатрабаваў унесьці папраўкі адносна ўзгадненьня незаконнага продажу стралковае зброі, зрабіў пагрозу прапусьціць міжнародную канфэрэнцыю па расізьме і пакляўся выйсьці з пакту аб абмежаваньні супрацьракетнае абароны.

Гэта выклікае занепакоеную рэакцыю ва ўсім сьвеце: маўляў—амэрыканскі прэзыдэнт, які адмяжоўваецца ад шматлікіх дамоваў, можа быць тым, хто адмяжоўваецца ад усяго сьвету, або, прынамсі, тым, хто мае прэтэнзію на тое, каб жыцьцё ўсясьветнае супольнасьці ішло пад дыктоўку аднае Амэрыкі.

Дарадцы спадара Буша адвяргаюць меркаваньні, што ён аднабокі палітык ці ізаліцыяніст, або ягоная адміністрацыя пагарджае групавымі дзеяньнямі, навязвае шляхі, як весьці ўсясьветныя справы. Яны толькі разглядаюць дамовы паасобку, паводле іх карыснасьці ці бескарыснасьці ў нуклеарную эру, якая і вынесе свой прысуд гэтым дзеяньням.

Рычард Хаас, кіраўнік аддзелу плянаваньня палітыкі Дзярждэпартамэнту ЗША, на сусрэчы на мінулым тыдні ў Цэнтры Ніксана, заявіў: “Мы разгледзім кожную дамову асобна і прымем адпаведнае рашэньне, і ня будзем прыймаць ніякія агульныя падыходы.”

Пакуль што толькі некалькі такіх новых амэрыканскіх падыходаў да міжнароднай палітыкі былі абвешчаныя публічна. Адзін зь іх тычыцца дамовы пра глябальнае пацяпленьне. Дзяржсакратар Колін Паўэл паведаміў замежным лідэрам на пачатку гэтага месяца, што Злучаныя Штаты будуць мець контрпрапановы па Кіёцкаму пагадненьню падчас кастрычніцкай канфэрэнцыі ў Марока.

У цэлым, спадар Буш і ягоныя дарадцы кажуць, што кожная дамова будзе разглядацца паасобку і абавязкова з гледзішча інтарэсаў краіны.

Прэзыдэнт Клінтан, на кантрасьце, стаяў на пазыцыі перамоваў па кантролю над узбраеньнямі. Ён выправіў сваіх паслоў у Маскву, каб уратаваць Дамову аб абмежаваньні супрацьракетнае абароны, распачаў новы раўнд перамоваў па скарачэньню стратэгічных узбраеньняў. Таксама ён падпісаў Шматбаковую Дамову па забароне выпрабаваньняў, якая і да сёньня вяне ў Сэнаце.

Аўтар артыкулу ў “Нью-Ёрк Таймс” лічыць важным падкрэсьліць, што Прэзыдэнта Буша крытыкуюць за тое, што ён адхіліў дзьве дамовы, якія нават Клінтан не адстойваў: міжнародную забарону на ўжываньне мінаў і зацьверджаньне Міжнароднага Крымінальнага Суду.

Паводле прэзыдэнта Буша, ня можа быць аніякай пасьпешлівасьці на доўгатэрміновых перамовах, якія паўплываюць на гісторыю. Дамовы, гавораць спадар Буш і ягоныя дарадцы, будуць прынятыя, калі яны будуць высячаныя з камяню амэрыканскіх інтарэсаў.

“Вы ня знойдзеце большай інтэрнацыяналісцкай адміністрацыі, чым гэтая адміністрацыя,” – сказала Кандаліза Райс, дарадца прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы ў інтэрвію тэлекампаніі СВS. Яна скрытыкавала палітыку, паводле якой “інтэрнацыяналізм заключаецца ў тым, каб абы толькі падпісаць дамовы, нават калі яны і дрэнныя”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG