Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСК ПРЫБЫЛА ДЭЛЕГАЦЫЯ РАДЫ ЭЎРОПЫ


Валер Каліноўскі, Менск

Кіраўнік камітэту ў палітычных справах Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Тэры Дэйвіс, дакладчык гэтага ж камітэту ў справах Беларусі Вольфганг Берандт, а таксама прадстаўнік камітэту ў юрыдычных пытаньнях і правах чалавека Асамблеі Цырыл Свобада прыбылі ў Менск аўтамабілем зь Вільні. Іх візыт арганізоўвае амбасада Летувы.

Ля ганку гатэля "Планета" кіраўнік дэлегацыі Тэры Дэйвіс распавёў пра свае спадзяваньні, якія ён ускладае на гэты візыт. Гаворыць Тэры Дэйвіс:

(Дэйвіс: ) "Чаго мы чакаем? Мы спадзяемся наладзіць, і я ўпэўнены, што гэта атрымаецца, супрацоўніцтва з усімі ў Беларусі, з кім будзем сустракацца на працягу нашага візыту. Мы будзем размаўляць з шырокім колам людзей, як у прэзыдэнцкай адміністрацыі, гэтак і з прадстаўнікамі недзяржаўных арганізацыяў, апазыцыйных партыяў, СМІ, праваабарончых арганізацыяў... Мы спадзяемся таксама наведаць спадара Клімава ў турме".

(Карэспандэнт: ) "Што Вы хацелі б дасягнуць у выніку свайго візыту?"

(Дэйвіс: ) "Мэта нашага візыту — ацаніць, што адбылося тут у Беларусі сёлета за паўгады й летась. Мы чацьверты раз наведваем Беларусь за апошнія паўтары гады, і мне цікава ўбачыць прагрэс у розных галінах, уключна з правамі чалавека".

(Карэспандэнт: ) "Ці зьбіраецеся Вы сутракацца са спадаром Лукашэнка — сёньня або заўтра?"

(Дэйвіс: ) "Калі спадар Лукашэнка пажадае з намі сустрэцца, мы абавязкова спаткаліся б зь ім. Але, як я разумею, кіраўнік Беларусі вельмі заняты, таму мы не засмуцімся, калі ён і ня знойдзе часу сустрэць нас".

(Карэспандэнт: ) "Ці вядома Вам пра адмову ў візах для прадстаўнікоў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, якія таксама сёньня павінны былі прыехаць у Беларусь?"

(Дэйвіс: ) "Не, я нічога пра гэта ня ведаю, мы правялі апошнюю ноч у Вільні й такім чынам мне невядомыя падрабязнасьці разьвіцьця сытуацыі ў апошнія 24 гадзіны".

(Карэспандэнт: ) "Ці лічыце Вы, што вынік будучых прэзыдэнцкіх выбараў вельмі важны для аднаўленьня стасункаў паміж Беларусьсю й Радаю Эўропы?"

(Дэйвіс: ) "Зразумела, прэзыдэнцкія выбары надзвычай важныя для міжнароднага становішча Беларусі. Стасункі паміж Беларусьсю й Радаю Эўропы нашмат больш складаныя, чым толькі ў справе гэтых выбараў... Мы маем больш вялікую пэрспэктыву. Беларусь існуе й застанецца існаваць незалежна ад таго, хто будзе абраны прэзыдэнтам Беларусі ў верасьні. Мы жадаем працягваць нашыя кантакты зь Беларусьсю, у Беларусі ёсьць шмат сяброў. І мы спадзяемся працягваць дыялёг, які было вельмі цяжка распачаць. Мы ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы хацелі б, каб у гэтым дыялёгу ўдзельнічалі й некалькі асобаў з новага парлямэнту. Новы парлямэнт, абраны ў мінулую восень, не прызнаны міжнароднай супольнасьцю, але гэтыя людзі існуюць і маюць права быць пачутымі".

(Карэспандэнт: ) "Ці атрымалі Вы запрашэнне назіраць беларускія выбары?"

(Дэйвіс: ) "Не, як я ведаю, афіцыйнае запрашэньне яшчэ не атрымана".

(Карэспандэнт: ) "А ці хацелі б Вы пэрсанальны ўзяць удзел у назіраньні?"

"Рашэньне я буду прымаць толькі пасьля атрыманьня запрашэньня. Там, адкуль я паходжу, ня просяць запрашэньня папрысутнічаць на чыёйсьці вечарынцы",— сказаў кіраўнік палітычнага камітэту ПАРЭ Тэры Дэйвіс.

Дэлегацыя з Рады Эўропы сёньня сустракалася ў гэтак званай Палаце прадстаўнікоў, МЗС, вяла размову з замежнымі дыпляматамі. На заўтра заплянаваныя сустрэчы з патэнцыйнымі кандыдатамі на пасаду прэзыдэнта, прадстаўнікмаі апазыцыйных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. З Аляксандрам Лукашэнкам, хутчэй за ўсё, сустрэча ў дэлегацыі не адбудзецца. Як паведаміў прэсавы сакратар А.Лукашэнкі Мікола Барысевіч, сёньня ў ягоным графіку гэтая сустрэча не пазначаная, а заўтра ўраніцу ён адбывае на нефармальны саміт лідэраў краінаў СНД ў Сочы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG