Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭТЭНДЭНТЫ РЫХТУЮЦЬ ДЭКЛЯРАЦЫІ АБ ДАХОДАХ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Кандыдат на прэзыдэнта Сямён Домаш сёньня тэрмінова выехаў у Горадню. Домаш зьбірае ўсе неабходныя дакумэнты для дэклярацыі пра даходы. Усе родныя спадара Домаша гатовыя прадаставіць зьвесткі пра свае даходы й маёмасьць. Праўда, дзеля гэтага Сямёну Домашу ў бліжэйшы час трэба наведаць Гомельшчыну, дзе жыве ягоная цешча, і Баранавічы, дзе жывуць маці, сястра й брат. А сёньня Домаш сустракаецца ў Горадні з чыноўнікамі й патрабуе даць адназначны адказ: мусіць ён ці не — уносіць у дэклярацыю дом, які паводле судовага рашэньня павінен быць перададзены дзяржаве. Сямён Домаш лічыць, што ягоная дэклярацыя будзе належна аформленая, (яго кансультуе ў гэтай справе група юрыстаў) і прыкладна 2 жніўня перададзеная ў ЦВК.

На думку Сямёна Домаша, хаця дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі №20 незаконны, але гэты дакумэнт мае й станоўчы бок. Гаворыць Сямён Домаш:

(Домаш: ) "Я таксама лічу, што ён незаконны, але я лічу, што ў гэтай сытуацыі, наадварот, можа спрацаваць на нашую карысьць. Мы пакажам, што ў нас ёсьць, няхай Лукашэнка таксама пакажа, што ў яго ёсьць, згодна са сваім дэкрэтам. Нам хавацца няма чаго, якраз гэта можа зьняць многія пытаньні, плёткі, якія хадзілі адносна набыцьця маёмасьці і г.д. У гэтым якраз і карысьць гэтага дэкрэта, каб усё таемнае стала яўным, як той казаў".

Адзіны кандыдат на прэзыдэнта ад шырокай грамадзянскай кааліцыі Ўладзімер Ганчарык дэклярацыю пра даходы й маёмасьць ужо падрыхтаваў, але перадаваць яе ў ЦВК пакуль не сьпяшаецца. Гаворыць Уладзімер Ганчарык:

(Ганчарык: ) "Усё гатова ўжо, запоўнілі ўсе: пачынаючы ад маці, скончваючы сёстрамі, братам, унукамі. Адным унукам, які напісаў усюды, дакладней маці за яго напісала ўсюды — "не", "не", "не", "не". Маці запісала ўсё: хату з 1947 году й хлеў, хацела запісаць нават колькі калярадзкіх жукоў на ўчастку... Мы здадзім гэта ўсё, тым больш цікава, што Аляксандар Рыгоравіч напіша".

Ён гаворыць, што цяпер дэклярацыі, запоўненыя ім, а таксама ягонымі роднымі, праходзіць экспэртызу ў адмысловай камісіі пры ягоным штабе. Пасьля, прыкладна 3 жніўня, дэклярацыя Ўладзімера Ганчарыка будзе перададзеная ў ЦВК.

Лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч першы з прэтэндэнтаў сваю дэклярацыю ў ЦВК ужо перадаў (гэта адбылося на мінулым тыдні). Гайдукевіч заяўляе, што ён хаця й ня бедны чалавек, але яму няма чаго хаваць ад выбарцаў. Гайдукевіч кажа, што ніякіх праблемаў з афармленьнем дэклярацыі ня меў.

Ці рыхтуе сваю дэклярацыю Аляксандар Лукашэнка — пакуль невядома, бо ўсе тэлефоны кіраўніка ягонага штабу Міколы Чаргінца сёньня маўчалі. Але прэсавы сакратар ЦВК Валер Юрэвіч паведаміў, што да іх дэклярацыя Лукашэнкі яшчэ не паступала. Ці павінны быць унесеныя ў дэклярацыю сродкі з пазабюджэтнага фонду Лукашэнкі — юрысты ЦВК ня ведаюць, бо ня ўпэўненыя, што гэтыя грошы ёсьць асабістай уласнасьцю Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG