Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЗУБАР” У БЕРАСЬЦІ ЎЗЯЎ УДЗЕЛ У СЬВЯЦЕ ГОРАДУ. МІЛІЦЫЯ ЗАТРЫМАЛА 14-ГАДОВАГА ХЛОПЦА


Алег Супрунюк, Берасьце

Свае акцыi актывiсты руху "Зубар" ладзiлi ў мiнулыя выходныя, калi ў Берасьцi адзначалi сьвята гораду. Удзельнiкi акцыi зьяўлялiся ў месцах, дзе адбывалiся самыя шматлюдныя мерапрыемствы, i адразу прыцягвалi ўвагу мiнакоў.

Так, у суботу прадстаўнiкi гэтай арганiзацыi ўтварылi адмысловы ланцуг, трымаючы ў руках вялiкiя фотаздымкi знiклых на Беларусi людзей – Юрыя Захаранкi, Вiктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмiцера Завадзкага i намаляванае чырвонай фарбаю пытаньне: "Дзе яны?" На працягу дня такiя ланцужкi раптоўна зьяўлялiся каля Цэнтру моладзевай творчасьцi, на так званым Кобрынскiм плоце, на прыпынках грамадзкага транспарту ды ў iншых месцах.

У нядзелю, калi зарганiзаваныя берасьцейскiмi ўладамi сьвяты ладзiлiся ўжо ў гарадзкiм парку культуры i адпачынку, тут таксама зьявiлiся "Зубры". Пiльныя мiлiцыянты адсочвалi iхны рух па тэрыторыi парку i ўрэшце а полове сёмай вечара затрымалi 14-гадовага хлопца. Непасрэдна затрыманьне праводзiў iнспэктар у справах непаўнагадовых пры адмiнiстрацыi Ленiнскага раёну Берасьця Ўладзiмер Саценка: яму падалося, што пудзiла, якое трымаў у руках падлетак, вельмi нагадвала выяву Аляксандра Лукашэнкi.

Хлопца адвезьлi ў Ленiнскi РАУС, дзе супрацоўнiкi мiлiцыi пагражалi завесьцi на яго крымiнальную справу за ўдзел у гэтай акцыi. Пасьля складаньня пратаколу мiлiцыянты выклiкалi бацькоў затрыманага i адпусцiлi яго дахаты.

Цiкава, што ў той жа час мiлiцыя нiяк не рэагавала на паводзiны iншых маладых людзей, якiя ўвечары 29 лiпеня былі нападпiтку, перакрывалi рух транспарту, кiдалi на праезжую частку бутэлькi з-пад пiва. Сёньня ў Берасьцейскiм гарвыканкаме вымушаныя былi прызнаць, што па колькасьцi правапарушэньняў i пакiнутага сьмецьця гэтаму сьвяту горада ня было роўных.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG