Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"СЛАВЯНСКІ БАЗАР" ПЕРАЎТВАРЫЎСЯ Ў АГІТАЦЫЮ ЗА ЛУКАШЭНКУ, АЛЕ ПУЦІН УДЗЕЛУ Ў ЁЙ НЯ БРАЎ


Юры Сьвірко, Менск

Цягам усяго сёньняшняга дня ўсе расейскія тэлеканалы й нават беларускі не далі ў эфіры аніводнага кадра, як менавіта сустрэліся ў Віцебску Аляксандар Лукашэнка ды Ўладзімір Пуцін. А вось з украінскім прэзыдэнтам Леанідам Кучмам спадар Лукашэнка расцалаваўся — тройчы.

Тэлекампаніі Расеі паказалі спадара Пуціна, які ішоў уверх па лесьвіцы, але да каго ён ішоў, было незразумела. Карэспандэнт НТВ у сваім сюжэце з адпаведным камэнтаром прадэманстраваў плякаты, якія былі расклееныя ў Віцебску, — агульная выява маскоўскага патрыярха Алексія ІІ, Аляксандра Лукашэнкі, Уладзіміра Пуціна й Леаніда Кучмы — а побач плякат: "Выбары Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь — 9 верасьня".

Выбарчая тэма, насуперак усім абяцаньням, на "Славянскім базары" прысутнічала. Калі на сцэну віцебскага амфітэатру выйшлі спадары Пуцін, Кучма й Лукашэнка — а вядучыя пералічвалі іх толькі ў такім парадку — апошні сказаў:

(Лукашэнка: ) "Віцебск — я ўжо сказаў — горад выключна інтэрнацыянальны. Славянскі — гэта дакладна. І сёньня ў вас — СЁНЬНЯ — не адзін прэзыдэнт. Вы самыя багатыя людзі. У вас тры прэзыдэнты, АЛЕ тры прэзыдэнты толькі часова!"

Крыху раней Аляксандар Лукашэнка заявіў Уладзіміру Пуціну: "Віцебск — гэта ня толькі беларускі горад. Гэта наш агульны горад. Таму вы прыехалі ў свой горад".

Аднак Уладзімір Пуцін спадара Лукашэнку паправіў, распачаўшы сваю прамову са сцэны гэтак:

(Пуцін: ) "У гэтым беларускім горадзе сабраліся такія прадстаўнічыя дэлегацыі Расеі, Беларусі і Ўкраіны".

А скончыў свой выступ прэзыдэнт Расеі наступным пажаданьнем:

(Пуцін: ) "Каб на зьмену штучным бар'ерам і разьмежаваньню прыйшлі ўзаемадапамога, падтрымка, супрацоўніцтва й самае галоўнае — абсалютны давер адзін да аднаго".

Назіральнікі зрабілі з гэтых словаў спадара Пуціна выснову, што цяпер такога даверу паміж кіраўнікамі трох дзяржаваў няма або не хапае.

Адметна тое, што Ўладзімір Пуцін у сваёй прамове на сцэне "Базару" ўвогуле не згадаў ані прозьвішча Лукашэнкі, ані ягонае цяперашняе пасады, і нават не падзякаваў публічна за запрашэньне ў Віцебск.

Украінскі ж прэзыдэнт Леанід Кучма таксама закрануў тэму, ці ня ёсьць "Славянскі базар" Лукашэнкавым перадвыбарчым шоў:

(Кучма: ) "Вы ведаеце, нам апошнія дні шмат пытаньняў задаюць, і сёньня ў тым ліку,— зь якой мэтаю мы прыехалі ў Беларусь, зь якой мэтаю мы прыехалі ў старажытны, з тысячагадовай гісторыяй горад Віцебск..."

Далей Леанід Кучма казаў толькі пра сьвята культуры, а спадара Лукашэнку згадаў толькі дзеля таго, каб зь яго пакпіць. Прэзыдэнт Украіны спытаў яго, як прайшоў на фэсьце ўкраінскі дзень, а Лукашэнка вельмі ціха адказаў: "Добра", што спадар Кучма адразу ж адкамэнтаваў:

(Кучма: ) "У Аляксандра Рыгоравіча нешта голас зьнік, калі ён вырашыў сказаць: "Добра прайшоў"..."

Аднак вядучы "Славянскага базару" з расейскага боку Ўладзімір Бярэзін, пакуль спадары Пуцін, Кучма й Лукашэнка сыходзілі са сцэны, зрабіў наступную заяву:

(Бярэзін: ) "Мы спадзяемся на тое, што ўдзел прэзыдэнтаў у "Славянскім базары" стане добрай традыцыяй, што ў наступным годзе прэзыдэнты Леанід Данілыч, Уладзімір Уладзімірыч і Аляксандар Рыгорыч зноў зьбяруцца на нашым "Славянскім базару", і абавязкова Ў ТЫМ ЖА складзе".

Нагадаю, гэты незаконны заклік прагучаў за 6 тыдняў да выбараў прэзыдэнта Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG