Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАБОЙЦЫ ВА ЎЛАДЗЕ?


рэдакцыя газэты

Да прэзідэнцкіх выбараў засталося крыху больш за 40 дзён.

На першай старонцы “Рабочы” друкуе інтервію з адзіным кандыдатам ад апазыцыі – старшынём Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай Уладзімерам Ганчарыкам. У прыватнасьці, ён кажа: “Тое, што ў адной апазыцыйнай камандзе сабраліся розныя людзі – “прафсаюзьнік” Ганчарык, правы Домаш, камуніст Калякін, банкір Чыгір – сьведчыць: для ўлады пачынаюцца ня лепшыя часы. Нас аб’ядноўвае агульная мэта – мара пра аднаўленьне Беларусі. Я з радасьцю прыму любыя прапановы наконт супрацоўніцтва”. Гэта, нагадваем, словы Ўладзімера Ганчарыка.

“Забойцы ва ўладзе?” – такое пытаньне шырокім наборам перакрэсьлівае другую і трэцюю старонкі штотыднёвіка. Газэта падсумоўвае пратаколы, інтервію, рапарты і іншыя матэрыялы, якія тычацца зьнікненьня Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага і якія ўказваюць на тых, хто аддаваў загады або меў непасрэднае дачыненьне да зьнішчэньня вядомых людзей – гэта Шэйман, Паўлючэнка, Сівакоў, Навумаў. “Рабочы” кажа: калі б тое была няпраўда, улады даўно б прыцягнулі апазыцыю да адказнасьці. А між тым улады маўчаць...

“Прэзідэнт павінен баяцца згубіць сваю пасаду” – такую назву мае апытаньне жанчынаў на тэму “Што ў вашых сем’ях гавораць пра прэзыдэнцкія выбары?”. Апытаньне было праведзенае карэспандэнтам “Рабочага” на вуліцах Менску. Прывядзем толькі адно выказваньне:

“У нас у сям’і часьцей за ўсё абмяркоўваюць, як зрабіць, каб у дракона не расьлі новыя галовы, каб лукашэнкі не маглі зьяўляцца на Беларусі ў прынцыпе. Мы прыйшлі да такой высновы. Трэба, каб усе мы, нягледзячы на свае сымпатыі, прыйшлі на выбарчыя ўчасткі, але не заўчасна, бо заўчаснае галасаваьнне – самы добры спосаб для масавых фальсыфікацый: ноччу памяняў урну – і ўсё. Трэба, каб мы прыйшлі на выбарчыя ўчасткі назіральнікамі – па дваццаць, трыццаць чалавек. Трэба, калі выбары закончацца, чакаць вынікаў ля дзвярэй выбарчых участкаў, бо няма гарантыі, што гэтыя вынікі па дарозе ў вышэйшую выбарчую камісію не перапішуць. Толькі тады прэзыдэнт адчуе нашу сілу, адчуе, што нас трэба баяцца. А гэта ўжо сур’ёзна. З гэтым любому прэзыдэнту, нават Лукашэнку, прыйдзецца лічыцца”.

Штотыднёвік, як заўсёды, расказвае, як працоўныя змагаюцца за свае правы. Газэта зьвяртае ўвагу на тое, што сёньня агульная запазычанасьць па заработнай плаце настаўнікам складае 11,67 міліярдаў рублёў. Найбольш крытычная сытуацыя склалася ў Магілеўскай вобласьці, дзе лічба невыплачаных сродкаў склала амаль 5 мільярдаў рублёў. У 12 з 23 раёнаў да выплаты адпускных яшчэ не прыступалі. 25 работнікаў СШ № 3 Мсьціслаўля зрабілі страйк наадварот: адмянілі свой водпуск і выйшлі на працу, пасьля чаго адміністрацыя вобласьці тэрмінова пачала выплочваць даўгі. Тое, што ўлады спужаліся, зразумела: сёння 25 настаўнікаў вырашылі абараняць свае інтарэсы, а заўтра могуць падняцца ўсе паўмільёна...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG