Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАРШЫНЯ СЬВІСЛАЦКАГА РАЙАВЫКАНКАМУ АНАТОЛЬ КУЗЬМА, ЯКІ ПАСТАВІЎ ПОМНІК СТАЛІНУ, ПАЗБАЎЛЕНЫ ПАСАДЫ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

За летнія месяцы гэта ўжо трэцяя замена кіраўніка раёну. Аднак два першыя былі падвышаны. А спадару Кузьме давялося вярнуцца назад — у крэсла дырэктара адкормачнага пункту, адкуль ён пачынаў сваю кар'еру. Намесьнік старшыні раённага выканкаму Віктар Брыш, пачуўшы пра свайго былога шэфа, раздражнёна адказаў па тэлефоне: "Я вам не бюро даведак!"

Настойлівыя чуткі пра звальненьне Анатоля Кузьмы распаўсюдзіліся тыдзень таму. Аднак мінулы тыдзень ён дапрацаваў на сваёй пасадзе. Намесьнік старшыні абласнога выканкаму Мікола Прысада мне паведаміў, што Анатоль Кузьма напісаў заяву. Папрасіўся звольніцца ў сувязі зь пераходам на іншую працу. Такім чынам, яму ўдалося сысьці безбалесна.

Аднак абласныя ўлады мелі падставы для незадавальненьня дзеяньнямі былога сьвіслацкага кіраўніка. У сельскай гаспадарцы раёну з году ў год становішча не паляпшаецца. Апошняй кропляй стала тое, што старшыня выканкаму зь пісталетам у руках затрымліваў хлопцаў, якія, быццам, пабілі шыбы ў ягоным доме. Гэты факт не адмаўляюць нават у міліцыі.

Анатоль Кузьма быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га й 13-га скліканьняў. Затым перайшоў у Палату прадстаўнікоў. А напярэдадні быў прызначаны старшынём раённага выканкаму. Хацеў і ў склад цяперашняе Палаты трапіць. Але яго не прапусьцілі, аддалі перавагу старшыні раённага выканкаму суседняга — Ваўкавыскага раёну, зь якім Кузьма балятаваўся ў адной акрузе. Гэта стала як бы чорнай меткаю, папярэджаньнем.

Празь некаторы час Кузьма паставіў у Сьвіслачы помнік Сталіну. І не супраць быў вярнуць даваенны бюст Пілсудзкага. Пра гэта ён асабіста сказаў у інтэрвію польскай бруковай газэце Super-Express. У газэце быў зьмешчаны здымак: Анатоль Кузьма трымае вялікі разгорнуты польскі сьцяг з арлом пасярэдзіне. Паасобнік газэты трапіў і ў Сьвіслач, у краязнаўчы музэй. Нядаўна ў горадзе зьявілася ананімная паэма пра тое, як Кузьма паставіў помнік Сталіну. Гэтым ён і застанецца ў гісторыі гораду. Хаця ў Сьвіслачы яшчэ памятаюць, як у першую прэзыдэнцкую кампанію ён зьбіраў подпісы за Пазьняка. Аднак, тым жа часам, заўжды імкнуўся знаходзіцца бліжэй да такіх людзей, як Лукашэнка. Сёлета, пад час збору подпісаў Анатоль Кузьма імкнуўся ствараць перашкоды ініцыятыўным групам дэмакратычных кандыдатаў, якія зьбіраліся ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Аднак гэта не дапамагло яму ўтрымацца ля ўлады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG