Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЭГІСТРАЦЫЯ КАНДЫДАТАЎ У ПРЭЗЫДЭНТЫ МОЖА АДБЫЦЦА 8 ЖНІЎНЯ


Валер Каліноўскі, Менск

Пасьля гэтага кандыдаты пачнуць агітацыю — у прыватнасьці, атрымаюць права на два паўгадзінныя выступы па БТ. Тым часам ЦВК папярэдзіў БПСМ за заўчасную агітацыю за Аляксандра Лукашэнку.

Ніякіх зьменаў у пэрсанальным складзе прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду, якія пераадолелі першы бар'ер выбарчае кампаніі, не адбылося й пасьля дадатковай праверкі падпісных лістоў тэрытарыяльнымі выбарчымі камісіямі. Пра гэта паведаміла сёньня кіраўніца Цэнтральнае выбарчае камісіі Лідзія Ярмошына. Паводле ейных словаў, больш як сто тысячаў подпісаў здалі толькі ініцыятыўныя групы Аляксандра Лукашэнкі, Сямёна Домаша, Сяргея Гайдукевіча і Ўладзімера Ганчарыка.

Зусім нечакана — амаль у два разы за паўдні — павялічылася колькасьць подпісаў, пададзеных за Аляксандра Лукашэнку. Калі на абед у пятніцу за яго падалі толькі 220 тысячаў, дык да поўначы, калі афіцыйна сканчаўся тэрмін здачы падпісных лістоў, лічба вырасла да 395 тысячаў. Паводле спадарыні Ярмошынай, за Сямёна Домаша падалі 161 тысячу подпісаў, за Сяргея Гайдукевіча — 135 тысячаў, за Ўладзімера Ганчарыка — 123 тысячы подпісаў.

Такім чынам, з 22 прэтэндэнтаў, якія распачыналі выбарчую гонку, прамежкавы фініш пераадолелі толькі чацьвёра. Яшчэ тры прэтэндэнты максімальна наблізіліся да патрэбнай лічбы: Сяргей Калякін падаў 97 тысячаў подпісаў, Міхал Марыніч — 96 тысячаў, Леанід Калугін — 95 тысячаў.

ЦВК атрымала тры пісьмовыя скаргі ад ініцыятыўных групаў Міхала Чыгіра, Міхала Марыніча і Юрыя Данькова ды некалькі вусных — пра тое, што тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі адмаўляліся прымаць подпісы або не было каму іх засьведчыць. Гэтыя скаргі правяраюць, але спадарыня Ярмошына мяркуе, што й дадатковая праверка падпісных лістоў ды пералік ня зьменяць агульную карціну.

З такой катэгарычнасьцю нязгодныя некаторыя прэтэндэнты, у прыватнасьці, кіраўнік ініцыятыўнае групы Леаніда Сініцына настойвае, што за таго пададзена больш як 110 тысячаў подпісаў.

Гаворыць Лідзія Ярмошына: "Я вельмі моцна разьлічваю на тое, што тую колькасьць кандыдатаў, прынамсі, тую чацвёрку, якую мы маем, мы захаваем і на момант рэгістрацыі. Прынамсі Цэнтральная камісія будзе працаваць вельмі прынцыпова, у строгай адпаведнасьці з законам, пры гэтым праяўляючы максімальную беражлівасьць у адносінах да нашых прэтэндэнтаў".

Паводле словаў спадарыні Ярмошынай, з прычыны невялікай колькасьці прэтэндэнтаў, іх рэгістрацыя можа адбыцца раней за 14 жніўня — напрыклад, 8 ці 9. Пасьля гэтага кандыдаты змогуць распачаць агітацыю, і атрымаюць права на два паўгадзінныя выступы на дзяржаўнай тэлевізіі ды радыё. Заўтра Цэнтральная выбарчая камісія мусіць прыняць адпаведную пастанову ў гэтай справе.

Тым часам ЦВК ўчора папярэдзіла пралукашэнкавы БПСМ за выраб каляндарыкаў з выяваю Аляксандра Лукашэнкі. Да самога А.Лукашэнкі ў ЦВК прэтэнзіяў няма. Агітацыю на ягоную карысьць, якую актыўна вядуць дзяржаўная тэлевізія і радыё, Лідзія Ярмошына парушэньнем ня лічыць, яна называе гэта "хронікаю, дасье, анонсамі".

А Ўладзімеру Ганчарыку, век якога быў сфальшаваны ў праграме "Рэзананс" на БТ, спадарыня Ярмошына параіла зьвярнуцца ў суд на Зімоўскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG