(Карэспандэнт: ) "Скажыце якія Вашыя пляны на бліжэйшыя некалькі тыдняў?"
(Ганчарык: ) "Стварэньне штабу й вызначэньне далейшых кірункаў працы".
(Карэспандэнт: ) "Як будуць аб'ядноўвацца штабы іншых сяброў "пяцёркі" разам з вашым. Як гэта будзе адбывацца?"
(Ганчарык: ) "Ужо цяпер ідуць кансультацыі і ёсьць пэўныя дамоўленасьці".
(Карэспандэнт: ) "Вы не заўважылі нейкіх крыўдаў з боку іншых прадстаўнікоў пяцёркі? Усё нармальна?"
(Ганчарык: ) "Не гэта ж галоўнае, што там ёсьць нейкія крыўды. Я думаю, што ў інтарэсах агульнае справы наогул ня трэба каб яны былі".
(Карэспандэнт: ) "Мы чулі ваш галоўны лёзунг: "Дабрабыт у кожны дом". А якія іншыя, ня менш важныя?"
(Ганчарык: ) "Ёсьць і такі: "Каб былі хлеб і чарка — галасуйце за Ганчарыка!" (сьмяецца) — і такі будзе. Сёньня адзін паэт прынес".
(Карэспандэнт: ) "Прадстаўнікі палітычных партыяў, у прыватнасьці АГП, БНФ падтрымліваюць вылучэньне вашае кандыдатуры, але хочуць каб Вы прадставілі ім гарантыі, што Беларусь застанецца незалежнай у выніку вашай перамогі, што будзе разьвівацца беларуская мова, што будзе рэфармавацца эканоміка паводле эўрапейскіх стандартаў. Ці можаце Вы даць такія гарантыі і ці зьбіраецеся гэта рабіць?"
(Ганчарык: ) "Безумоўна ж. Тут няма ніякага сумневу. Справа не ў гарантыях. Справа ў маіх поглядах, справа ў нашых дзеяньнях. Справа ня толькі ў тым, што мы на словах нешта зробім ці на паперы нешта напішам".
(Карэспандэнт: ) "Учора ў "Рэзанансе" па БТ пра Вас гаварылі, што Вы былы камуніст, партыйны функцыянэр, што Вам 62 гады... Якія вашыя погляды, і што б Вы адказалі тым, хто называе Вас былым партыйным функцыянэрам?"
(Ганчарык: ) "Справа ня ў тым, кім хто быў, справа ў тым, якія ён пазыцыі займае цяпер. Я думаю, што гэта тыя шоры, якія мусяць скінуць зь сябе гэтыя ўсе "рэзанатары", паглядзець, што адбываецца вакол, напрыклад, у краінах Прыбалтыкі, якія там людзі прыйшлі, як яны працуюць. А што датычыць майго веку, я разглядаю такія выказваньні наогул як непавагу да людзей, якія маюць сталы век, але маюць яшчэ й такія дадзеныя, як мудрасьць, разважлівасьць, сілу, вопыт і гэтак далей. І калі гэта параўнаць з тымі, хто мае толькі фізычныя моцныя ногі ды іншае — я думаю, што ў мяне ня менш такіх добрых перавагаў".
(Карэспандэнт: ) "Тым ня менш, якое вашае стаўленьне да спорту?"
(Ганчарык: ) "Вельмі добрае. У мяне былі спартовыя разрады, я займаўся бегам, і цяпер падтрымліваю добрую форму..."
(Карэспандэнт: ) "Ці выпіваеце Вы, ці паліце?.."
(Ганчарык: ) "Не, не палю, а чарку магу выпіць калі трэба. Толькі — з добрымі людзьмі".
(Карэспандэнт: ) "На які адсотак галасоў у гэтай кампаніі Вы разьлічваеце?"
(Ганчарык: ) "Я не буду казаць пра працэнты. Я разьлічваю на перамогу".
(Карэспандэнт: ) "На першы тур ці на другі?"
(Ганчарык: ) "Можа адбыцца ў першым туры, можа — калі зробім усё як трэба, як дыктуе цяперашняя сытуацыя".
(Карэспандэнт: ) "На Ваш погляд, на тое, што Вас вылучылі адзіным кандыдатам — як паўплывала, што менавіта Вы вылучылі прэтэнзіі да ўлады ў зьнікненьні людзей, здабылі й апублікавалі гэтыя дакумэнты?"
(Ганчарык: ) "Не, гэта не галоўнае. Напэўна, гэта прыцягнула ўвагу, але былі больш сур'ёзныя прычыны. Гэта было ўлічана".
(Карэспандэнт: ) "Як Вы акрэсьліваеце рэакцыю на гэтыя апублікаваныя Вамі дакумэнты?"
(Ганчарык: ) "Калі з боку ўлады — Вы бачыце, якая рэакцыя. Наогул — ці маўчаньне, ці ўсялякая зьнявага... А грамадзтва, я думаю, яшчэ задумаецца, што адбылося ў нашай дзяржаве".
(Карэспандэнт: ) "Асабіста Вы, уступаючы ў такую жорсткую барацьбу, таксама павінны прыняць нейкія захады ў забесьпячэньні сваёй бясьпекі?"
(Ганчарык: ) "Ну, безумоўна, безумоўна".