Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГАРАДЗЕНШЧЫНЕ ХАЦЕЛІ Б БАЧЫЦЬ ІНШАГА АДЗІНАГА КАНДЫДАТА


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Афіцыйныя зьвесткі пра пяцёх кандыдатаў у Абласной выбарчай камісіі мне паведаміць адмовіліся. Апошнія зьвесткі назвалі яшчэ ў ініцыятыўнай групе Сяргея Калякіна. За яго на Гарадзеншчыне сабрана подпісаў удвая меней, параўнаўча з Сямёнам Домашам. Кіраўнік абласной арганізацыі ПКБ Анатоль Іванчык сказаў мне, што мясцовыя камуністы падтрымліваюць вылучэньне Ўладзімера Ганчарыка.

Стаўленьне іншых асобаў, зь якімі мне давялося размаўляць, хутчэй скэптычнае. Гаворыць прадстаўнік ініцыятыўнае групы Паўла Казлоўскага Франц Аўдзей:

"Тое, што адбылося ў суботу на паседжаньні дэмакратычных лідэраў у справе вылучэньня адзінага кандыдата на пасаду прэзыдэнта, у некаторай ступені было для мяне нечаканасьцю. Хаця асоба Ганчарыка й даволі значная на Беларусі, але чакалася й мелася на ўвазе іншая асоба. Перамагчы Лукашэнку проста так ня ўдасца".

Гаварыў Франц Аўдзей з групы Паўла Казлоўскага.

Падобнае меркаваньне выказала Ірына Салей, якая зьбірала подпісы за Зянона Пазьняка:

"Я даведалася пра Ганчарыка — што ён вылучаны адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сілаў — і ўспрыняла гэта нэгатыўна. І маё атачэньне, радня, мае знаёмыя — таксама. Таму што мы хацелі ад дэмакратычных сілаў кандыдата дэмакратычнага, а атрымліваецца, што мусім падтрымліваць прафсаюзнага функцыянэра..."

Гаварыла Ірына Салей з групы Зянона Пазьняка.

А вось меркаваньне Алеся Лобана — каардынатара па Горадні групы Сямёна Домаша:

"Я размаўляў зь сябрамі ініцыятыўнае групы, з жыхарамі гораду, з суседзямі, са знаёмымі. Фігура Ганчарыка ўспрымаецца ў лепшым выпадку індыфэрэнтна. А ўвогуле афіцыйныя прафсаюзы, каторыя прадстаўляе Ганчарык, не карыстаюцца вялікім аўтарытэтам сярод людзей. І Ганчарык сам, як лідэр гэтай афіцыйнай арганізацыі, успрымаецца ў адпаведнасьці з стаўленьнем да прафсаюзаў. Да таго ж, на думку людзей, ён — асоба не харызматычная. Ён наўрад ці зможа стаць тым яркім лідэрам, за якім пойдуць людзі і якому аддадуць свае галасы".

Гэта былі словы Алеся Лобана з групы Сямёна Домаша. Спадар Лобан лічыць, што для ўдзелу ў суботнім галасаваньні мелі паўнамоцтвы толькі тыя кандыдаты, якія рэальна — згодна з афіцыйнымі зьвесткамі набралі па 100 тысячаў галасоў. А такіх кандыдатаў было толькі два — Ганчарык і Домаш. Раз вылучылі Ганчарыка, мы на выбары ня пойдзем або будзем галасаваць супраць усіх,— такое меркаваньне можна пачуць сёньня ад гарадзенцаў нярэдка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG