Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УПЕРШЫНЮ НА БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНЕ ПРАЙШЛА АКЦЫЯ "ЗУБРА"


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

Акцыя ў Жабiнцы пачалася а 13-й гадзiне, калi на рынку, што месьцiцца ў цэнтры гораду, быў заўважаны чалавек, падобны на Аляксандра Лукашэнку. Ён быў апрануты ў падранае адзеньне, трымаўся на каньках i меў пры сабе хакейную клюшку. На галаве ў гэтага чалавека была каска часоў другой сусьветнай вайны, накiнутая на хакейны шлем. Ён меў вельмi пагрозьлiвы выгляд i ў размовах зь мiнакамi агучваў выразы, якiя раней выкарыстоўваў Аляксандар Лукашэнка. Галоўнаму пэрсанажу акцыi дапамагалi яшчэ некалькi асобаў, якiя раздавалi на рынку самаробныя 50-даляравыя купюры. На iх былi зьмешчаныя выява Лукашэнкi i подпiс: "Я вам абяцаў, купi сябе барана".

Акцыя працягвалася каля паўгадзiны i скончылася тым, што сябры арганiзацыi "Зубар" схапiлi чалавека на каньках i з хакейнай клюшкай i адвезьлi яго на адну з кватэраў. Мiлiцыянты не перашкаджалi правядзеньню мерапрыемства, але ўжо пасьля яго заканчэньня шасьцёра ўдзельнiкаў былi затрыманыя. Iх даставiлi ў Жабiнкоўскi раённы аддзел унутраных справаў для высьвятленьня асобаў.

Варта адзначыць, што ўпершыню сябры арганiзацыi "Зубар" ладзiлi падобную акцыю ў адным зь невялiкiх мястэчак Берасьцейшчыны. Дагэтуль асноўныя мерапрыемствы адбывалiся пераважна ў абласным цэнтры.

Тымчасам сваю акцыю правялi прадстаўнiкi берасьцейскай фiлii "Маладога Фронту". Акцыя была прымеркаваная да сёмай гадавiны iнаўгурацыi Аляксандра Лукашэнкi. Маладафронтаўцы вырашылi разьвiтацца зь першым прэзыдэнтам Беларусi, i ягоная копiя ў выглядзе папяровага клёўна была затопленая ў фантане, што месьцiцца ў цэнтры Берасьця. У звароце, якi распаўсюджваўся у часе акцыi, адзначалася, што такi прэзыдэнт Беларусi не патрэбны, i ў верасьнi трэба абраць на гэтую пасаду новага чалавека.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG