Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З НАРОДНЫХ МАЙСТРОЎ ЗА ГАНДАЛЬ НА СЛАВЯНСКІМ БАЗАРЫ БУДУЦЬ БРАЦЬ ПАДАТАК – 10 ЭЎРА


Браніслава Станкевіч, Віцебск

“Славянскі Базар” у Віцебску адзначае сёлета дзесятыя ўгодкі. Трэба зазначыць, што за гэты тэрмін віцябляне амаль што страцілі цікаўнасьць да штогадовага конкурсу маладых выканаўцаў, дзеля чаго фэстываль некалі і быў задуманы.

Затое выразна аформіліся іншыя прыярытэты. Дзеля тых, хто мае сёньня вялікія грошы, - гэта канцэрты эстрадных зорак, дзеля тых, хто мае невялікія грошы, - разьліванае мора таннае гарэлкі, якая прадаецца на фэстывалі круглыя суткі.

І, нарэшце, тым, у каго грошай няма, застаецца радавацца хіба крыху падноўленаму гарадзкому абліччу, што звязана хутчэй не з самім фэстывалем, а з прыездам у Віцебск Аляксандра Лукашэнкі.

На сёньня заплянаваны ягоны візыт на тэлезавод, адкрыцьцё з ягоным удзелам Абласнога анкалягічнага дыспансэру, а ўвечары і адкрыцьцё самогу фэстывалю. Зрэшты, яшчэ ўчора ўвечары было падобна, што фэстываль ужо распачаўся.

Пасьля гала-канцэртаў дзіцячых калектываў на віцебскіх вуліцах было поўна п’яных падлеткаў і дарослых. На працягу амаль што кілямэтру ўздоўж вуліцы Леніна растаўленыя гэтак званыя “харчовыя кропкі”.

Дарэчы, аніякіх лічбаў пра тое, колькі літраў гарэлкі выпіваецца за фэстывальны тыдзень, нідзе ніколі не прыводзілася. Затое вядомыя іншыя лічбы. Да прыкладу, у сыстэме аховы сёлетняга фэстывалю задзейнічана ажно 1350 чалавек: міліцыянтаў, пажарных ды вайскоўцаў, якія выдзяляюцца сваёй змрочнай уніформай паміж сьвяточна апранутых людзей.

На сёлетні фэстываль чакаюцца прадстаўнікі з 39-ці дзяржаваў, у тым ліку, з зусім неславянскіх: Кітаю, Карэі, Японіі, Нэпалу ды гэтак далей.

Да сустрэчы падрыхтаваліся віцебскія крышнаіты: 15000 культавых пірожных будзе раздадзена гэтымі днямі на Віцебскіх вуліцах. Што да захаваньня славянскіх традыцыяў, то па-ранейшаму на фэстываль зьедуцца народныя майстры з Расеі, Украіны ды Беларусі.

Але ня ўсе яны яшчэ ведаюць, што Віцебская падатковая іньспэкцыя плянуе браць з іхнага гандлю ў горадзе майстроў падатак у памеры каля дзесяці эўра.

Кошт на білеты зорак Філіпа Кіркорава ды Алега Газманава, да прыкладу, дасьцігае да 10-15 тысячаў беларускіх рублёў. І ці ня кожнаму віцябляніну сёньня вядома, што расейскія артысты атрымліваюць на фэстывалі найвышэйшыя ганарары.

Але сёлетні фэстываль прынёс і першыя непрыемнасьці: 17-га ліпеня, падчас мантажу абсталяваньня ў летнім амфітэатры, электраманцёр з Масквы атрымаў удар электрычным токам напружаньнем 380 вольт. Хлопец застаўся жывы, але ляжыць у Віцебскай рэанімацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG