У маскоўскай газэце "Новые Известия" зьявіўся артыкул пра тое, што Дзярждэпартамэнт ЗША нібыта прапаноўваў Аляксандру Лукашэнку памірыцца, а той адмовіўся. Газэта спасылаецца на тое, што зь ініцыятывы новага амбасадара Майкла Козака сёлета ў лютым быў распрацаваны "праект "сэпаратнае дамовы", якая атрымала назоў Ad referendum".
Гэты пакет паразуменьня паміж Беларусьсю й ЗША прадугледжваў, як пішуць "Новые Известия", паляпшэньне стасункаў крок за крокам, саступка за саступкай.
"Выніковы ж сэнс дамовы палягаў у тым, што калі Лукашэнка пагодзіцца на правядзеньне "сумленных прэзыдэнцкіх выбараў" — з выкананьнем агульнапрынятых дэмакратычных працэдур, — дык незалежна ад таго, хто ў выніку атрымае перамогу на гэтых выбарах, ён будзе неадкладна прызнаны ўсясьветнай супольнасьцю легітымным прэзыдэнтам", — піша маскоўская газэта.
На просьбу Радыё Свабода сёньня гэтую публікацыю пракамэнтавала амбасада ЗША ў Менску.
(Саламаха: ) "У артыкуле ёсьць шэраг недакладнасьцяў, але мы можам сказаць, што наша пазыцыя добра вядомая: мы не практыкуем абмеркаваньня падрабязнасьцяў прыватных дыпляматычных дыскусіяў. ЗША гатовыя да нармалізацыі адносінаў зь Беларусьсю пры ўмове, што там будуць прытрымлівацца тых стандартаў, зь якімі Беларусь пагадзілася ў межах АБСЭ.
Гэта азначае, што Злучаныя Штаты былі б гатовыя прыняць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, праведезных у адпаведнасьці з гэтымі стандартамі — незалежна ад таго, хто атрымае на іх перамогу.
Урад Беларусі ва ўсіх падрабязнасьцях ведае тыя крокі, якія неабходна зрабіць, каб гэтыя выбары былі прызнаныя свабоднымі, справядлівымі й празрыстымі. Яму таксама вядома, ШТО Злучаныя Штаты ды іншыя краіны гатовыя зрабіць, каб палепшыць адносіны ў гэтым кантэксьце.
І мы яшчэ раз заклікаем беларускія ўлады прыняць усе неабходныя меры для забесьпячэньня справядлівых, свабодных, празрыстых і дэмакратычных выбараў у поўнай адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ", — сказаў Аляксей Саламаха, супрацоўнік інфармацыйнае службы амэрыканскае амбасады.
А ўчора ў тэлепраграме "Падзея" міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў заявіў, што ніколі не пагодзіцца "з тым, што мова йшла пра сакрэтныя дамоўленасьці, якія б радыкальна зьмянялі цяперашнюю сытуацыю", а потым дадаў:
(Хвастоў: ) "Аніякіх сакрэтных перамоваў у дачыненьні да мажлівай зьдзелкі не вялося й не вядзецца. Гэта звычайная праца, якая пачалася, працягваецца й будзе працягвацца".
Гэтай заяве віцэ-прэм'ера Хвастова крыху супярэчыць сёньняшні камэнтар да таго ж артыкулу, які зрабіў прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка.
(Латушка: ) "Вяртаючыся да гэтай публікацыі ў "Новых Известиях", хацеў бы яшчэ раз падкрэсьліць, што няма сакрэту ў тым, што мы прапанавалі Злучаным Штатам Амэрыкі правесьці перамовы, і ў тым, што гэтыя перамовы ішлі".
(Карэспандэнт: ) "Вы сказалі — "ішлі й ідуць" ці "ішлі й скончыліся"?"
(Латушка: ) "Ішлі".
(Карэспандэнт: ) "Яны працягваюцца ці не?"
(Латушка: ) "Я паставіў кропку. Ішлі", — заявіў спадар Латушка, кіраўнік інфармацыйнае ўправы Міністэрства замежных справаў.
На сёньняшнім брыфінгу ён таксама адрэагаваў на заяву прадстаўніка амэрыканскага Дзярждэпартамэнту Чарльза Гантэра, які сказаў: "Сьледчыя Зьміцер Петрушкевіч і Алег Случак зрабілі дэталёвыя й вартыя даверу выкрыцьці наконт эскадрону сьмерці Лукашэнкавага рэжыму, што, як паведамляецца, адказны аж за 30 забойстваў".
Павал Латушка паведаміў, што амбасада Беларусі ў Вашынгтоне неаднаразова зьвярталася уДзярждэпартамэнт з просьбай пацьвердзіць факт знаходжаньня Петрушкевіча й Случака на тэрыторыі ЗША.
"Адказ, які быў атрыманы нашай амбасадай, сьведчыць пра тое, што іх на тэрыторыі ЗША няма", — заявіў спадар Латушка. Аднак, паколькі МЗС Беларусі атрымлівае з розных крыніцаў, у тым ліку ад прадстаўнікоў Дзярждэпартамэнту, інфармацыю, што яны ўсё ж на тэрыторыі ЗША, беларуская амбасада ў Вашынгтоне зьвярнулася з просьбай арганізаваць сустрэчу свайго консульскага супрацоўніка са спадарамі Случакам і Петрушкевічам, каб, цытую Паўла Латушку, "пераканацца, што на іх не аказваецца ўціску".
(Латушка: ) "Мы зацікаўленыя, каб гэтая сустрэча адбылася. Я ўжо падкрэсьліваў: мы папрасілі ў Дзярждэпартамэнту Злучаных Штатаў Амэрыкі даць дазвол на такую сустрэчу. Адказу, наколькі я ведаю, мы яшчэ не атрымалі", — зазначыў спадар Латушка.
Сёньня ж у інфармацыйнай службе ЗША ў Менску адбыўся тэлемост беларускіх журналістаў з Вашынгтонам, дзе зараз знаходзяцца жонкі зьніклых.