Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖОНКІ ЗЬНІКЛЫХ І РЭПРЭСАВАНЫХ СУСТРАКАЮЦЦА З АМЭРЫКАНСКІМІ ПАЛІТЫКАМІ САМАГА ВЫСОКАГА РАНГУ


Ірына Курапаткіна, Вашынгтон

У штаб-кватэры Радыё Свабода прайшоў брыфінг для журналістаў і прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў, у часе якога жанчыны пазнаёмілі прысутных з агульнай сытуацыяй у Беларусі і распавялі свае сумныя гісторыі.

Паводле Людмілы Карпенкі, менавіта няшчасьце, якое выпала на долю гэтых жанчынаў, прымусіла іх, вельмі розных паводле ўзросту і характару, аб’яднацца і самастойна шукаць зьвесткі пра лёс блізкіх. Іх не пачулі ў Беларусі, таму жонкі зьніклых выправіліся за мяжу.

Яны наведалі Маскву і Парыж, а цяпер знаходзяцца ў Вашынгтоне, дзе маюць намер узьняць пытаньне пра лёс мужоў на самым высокім узроўні.

Сапраўды, асабліва ў сьвятле апошніх сэнсацыйных заяваў сьледчых Петрушкевіча і Случака, таксама дакумэнтаў, апублікаваных Уладзімірам Ганчарыкам, справы зьніклых беларускіх палітыкаў прыцягваюць шмат увагі ў Вашынгтоне. Як сярод недзяржаўных арганізацыяў, таксама і ў дзяржаўных структурах і сродкаў масавай інфармацыі.

Візыт Людмілы Карпенкі, Сьвятланы Завадзкай, Тацяны Клімавай, Ірыны Красоўскай праходзіць на вельмі высокім узроўні. Яны мелі сустрэчу ў Дзярждэпартамэнце з намесьнікам дзяржсакратара ў пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Лорнам Крэйнэрам.

Таксама намесьнікам дзяржсакратара ў эўрапейскіх пытаньнях Сьцівэнам Пайфэрам, супрацоўнікамі нацыянальнай Рады бясьпекі.

Жонкі зьніклых мелі сустрэчу з сэнацкай камісіяй міжнародных справаў, з сэнатарамі Джэсі Хэлмсам і Горданам Сьмітам.

У часе сваіх папярэдніх візытаў у Маскву і Парыж, зараз у Вашынгтоне, жанчыны заклікаюць да стварэньня незалежнай міжнароднай камісіі расьсьледаваньня зьнікненьня беларускіх палітыкаў.

Ірына Красоўская і Сьвятлана Завадзкая адзначылі, што цягам часу яны маюць усё больш пытаньняў і ўсё менш адказаў. І на гэтыя пытаньні здольныя адказаць Аляксандар Лукашэнка і набліжаныя да яго асобы.

У Беларусі іх не пачулі, апроч Саюзу правых сілаў, не пачулі іх і ў Расеі.

З дапамогай шматлікіх праваабарончых арганізацыяў намагаюцца, каб пытаньне пра лёс Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага было ўзьнята амэрыканскім бокам у перамовах з Расеяй на самым высокім узроўні.

Яны вельмі спадзяюцца таксама на рэакцыю, дапамогу і падтрымку з боку міжнароднай супольнасьці, урадаў дэмакратычных краінаў і на зьмены ў Беларусі.

Як лічыць Людміла Карпенка, за цяперашнім “брудным рэжымам у Беларусі” ім ня ўдасцца даведацца праўду.

Толькі ва ўмовах дэмкратыі магчымае адкрытае расьсьледаваньне гэтых справаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG