Ад 1975 да 1979 год рэжым Пол Пота зьнішчыў амаль 1,7 млн. чалавек. Гісторыя гэтай камуністычнай дыктатуры – адна з найбольш чорных старонак гісторыі Камбоджы.
Пастанова парлямэнту не прадугледжвае перадачу камуністычных злачынцаў-пол-потаўцаў у Міжнародны Гааскі трыбунал, як гэта зроблена з былым прэзыдэнтам Югаславіі Слабаданам Мілошавічам. Іх будуць судзіць на месцы ў камбаджыйскай сталіцы Пном Пень. У склад суду трыбуналу будуць уваходзіць як камбаджыйскія судзьдзі, так і судзьдзі, прызначаныя ААН.
Кітайская Народная Рэспубліка, якая ў свой час была галоўным хаўрусьнікам рэжыму Пол Пота, не аднойчы давала зразумець, што яна наложыць вета на кожную рэзалюцыю Рады Бясьпекі, якая б прадугледжвала стварэньне Міжнароднага трыбуналу ў справе Камбоджы.
На працягу двух гадоў экспэрты ААН і прадстаўнікі камбаджыйскага ўраду прэм’ер-міністра Гун Сена працавалі над структурай новага суду. І вось праца закончаная, але некаторыя юрысты ААН і прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацыяў лічаць, што распрацаваная структура не адпавядае міжнародным стандартам.
Камбаджыйскія судзьдзі (толькі сямёра зь іх перажылі пол-потаўскую крывавую лазьню), піша брытанскі часопіс ECONOMIST маюць слабую юрыдычную падрыхтоўку. Яны слаба ведаюць міжнароднае права і вызначаюцца адсутнасьцю незалежнасьці. У складзе судоў трыбуналу яны будуць мець перавагу тры да двух, а ў складзе апэляцыйнага суду перавагу чатыры да трох судзьдзяў.
У Статуце гэтых судоў, аднак, гаворыцца, што дзеля таго, каб кожная судовая пастанова была дзейснай, за яе павінен прагаласаваць хаця б адзін міжнародны судзьдзя.
Закон аб Міжнародным трыбунале расьследваньня злачынстваў рэжыму Пол Пота яшчэ павінен быць зацьверджаны сэнатам і падпісаны каралём Нарадомам Сіанукам.
Прэм’ер-міністр Гун Сен, былы вайсковы афіцэр, які ўзначаліў супраціў рэжыму Пол Пота ў 1977 годзе. Ён ніколі не прабачыў ААН тое, што яна на працягу 80-х гадоў прытрымлівалася афіцыйнага прызнаньня Пол Пота, калі ён і шмат іншых яшчэ ў той час заклікалі да стварэньня трыбуналу.
Два высокапастаўленыя прадстаўнікі рэжыму Пол Пота ўжо знаходзяцца за кратамі, яшчэ шасьцёра, хаця і знаходзяцца на свабодзе, (уключна з былым пол-потаўскім міністрам зам. справаў Енг Сары) могуць быць арыштаваныя ў любы момант.
Парадаксальна, але кароль Нарадом Сіанук амністыяваў Енг Сарына у справе генацыду, але засталіся іншыя абвінавачваньні.
Стварэньне Міжнароднага трыбуналу для Камбоджы можа быць прыкладам для іншых краінаў. Ужо цяпер абмяркоўваюцца пляны трыбуналу для Сьера Леоне. Для саміх жа камбаджыйцаў трыбунал – гэта, бясспрэчна, апошні і найлепшы шанец ажыцьцяўленьня правасудзьдзя, падсумоўваецца ў камэнтары брытанскага штотыднёвіка ECONOMIST