Так, зьбіральнікам подпісаў за Зянона Пазьняка давялося пачуць, што ў пашпартным стале Першамайскага раёну цягам апошняга месяцу адмаўляюцца выдаваць даведку замест здадзенага на абмен пашпарту старога ўзору. Не выдаюць пад распіску і сам пашпарт, як рабілася раней.
Людзі змушаныя пэўны час жыць без галоўнага дакумэнту і ня могуць паставіць свой подпіс за кандыдата.
Амаль усе віцебскія дзяржаўныя газэты адгукнуліся на масавае зьяўленьне ў горадзе надпісаў і налепак апазыцыйнага зьместу. Кіраўнік цэнтру моладзевых ініцыятываў “Контур” Юрась Корбан распавёў, што днямі да яго асабіста зьвярталіся прадстаўнікі віцебскай міліцыі.
Яны прасілі, каб хаця б напярэдадні “Славянскага базару” не зьяўляліся ў такой вялікай колькасьці апазыцыйныя налепкі і надпісы на сьценах. Бо ад іх пазбаўляцца загадана ўласнаручна віцебскім міліцыянтам ды яшчэ за ўласныя сродкі.
Дарэчы, самыя распаўсюджаныя сёньня ў Віцебску надпісы - “Выбірай” ды выява ўзыходзячага сонца – сымбалю адпаведнай моладзевай кампаніі.
Барацьба з распаўсюднікамі налепак працягваецца таксама і ў Воршы. Учора там адбыўся суд па скарзе Генадзя Ананьева – кіраўніка аршанскай ініцыятыўнай групы Сямёна Домаша. Спадар Ананьеў спрабаваў абскардзіць рашэньне адміністрацыйнае камісіі аршанскага гарвыканкаму, паводле якога ён прызнаны вінаватым у расклейцы налепак на будынку гарвыканкаму ды абавязаны заплаціць штраф у памеры 5 тысячаў беларускіх рублёў.
Падзеі, якія сталі падставай для гэтага абвінавачваньня, адбыліся ў Воршы яшчэ 21-га траўня. Вяртаючыся зь Менску, спадар Ананьеў спыніўся позна ўвечары патэлефанаваць з вулічнага аўтамату. Якраз каля будынку гарвыканкаму.
Патэлефанаваўшы, спадар Ананьеў заўважыў на дзьвярах установы нейкую абвестку. Ён падышоў бліжэй і зразумеў, што гэта звычайная налепка, якіх шмат на аршанскіх вуліцах.
У той самы момант да Ананьева падскочыў узброены супрацоўнік ваенізаванай аховы, прыставіў пісталет да галавы і загадаў легчы на асфальт.
Неўзабаве зьявіўся міліцэйскі патруль, і ў пастарунку на Генадзя Ананьева склалі пратакол, як на распаўсюдніка налепак. Спадар Ананьеў гэты факт рашуча абвяргае. Тым ня менш, адміністрацыйная камісія палічыла яго вінаватым і наклала штраф. А судзьдзя Віктар Думкін 16-га ліпеня прызнаў правамоцным гэтае рашэньне, адхіліўшы скаргу Генадзя Ананьева.