Уладзімер Ганчарык агучыў рапарт генэрал-маёра міліцыі Лапаціка, які той падаў летась 21 лістапада на імя міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава.
У гэтым дакумэнце гаворыцца: "У дадзены час Шэйман даў указанне фізычна зьнішчыць былога міністра ўнутраных справаў Захаранку Ю.М. Інфармацыйнае забесьпячэньне месцазнаходжаньня Захаранкі для дзеяньняў Паўлючэнкі было забясьпечанае спэцпадразьдзяленьнем Васільчанкі Н.В. — указаньне, якое яму таксама даў Шэйман праз сваіх супрацоўнікаў. Акцыя захопу і наступнага зьнішчэньня Захаранкі была ажыцьцёўленая Паўлючэнкам, камандзірам роты СОБРа і камандзірам першай роты спэцназу і чатырма ягонымі байцамі. 8 траўня 1999 году пісталет Паўлючэнка здаў Алкаеву.
Паводле аналягічнай камбінацыі, 16 верасьня 1999 году Паўлючэнка правёў акцыю захопу і зьнішчэньня Ганчара В.І. і Красоўскага А.С. Месца пахаваньня трупаў Захаранкі, Ганчара, Красоўскага — спэцучастак лягерных магілаў на Паўночных могілках", — сьцьвярджаецца, як зазначыў Уладзімер Ганчарык, у рапарце генэрала Лапаціка, які на той час займаў пасаду начальніка галоўнага ўпраўлення крымінальнай міліцыі МУС.
Яшчэ адзін дакумэнт, са зьместам якога пазнаёміў журналістаў Уладзімер Ганчарык — рапарт начальніка сьледчага ізалятара палкоўніка міліцыі Алега Алкаева. У ім, у прыватнасьці, размова ідзе пра адмысловы пісталет з глушыльнікам, якім выконвалі сьмяротныя прысуды і які, паводле дакумэнта палкоўніка Алкаева, двойчы, паводле ўказаньня тагачаснага міністра ўнутраных справаў Сівакова, запатрабаваўся дзеля нейкіх мэтаў.
Першы раз пісталет выдалі 30 красавіка 1999 году, а вярнлі 14 траўня. Другі раз зброю выдалі 16 верасьня, а праз два дні, 18 верасьня, яе вярнулі Алкаеву. Уладзімер Ганчарык параіў зьвярнуць увагу на гэтыя даты і даты зьнікнення Захаранкі, Ганчара ды Красоўскага:
(Ганчарык:) "У асноўным гэта ўсё супадае. Выдаваўся пісталет Паўлючэнку ці не выдаваўся? Ён выдаваўся празь нейкіх асобаў, якія названыя. Мая вэрсія такая: гэта было, і людзі аддавалі каманды. Бо ніякае падразьдзяленьне без камандаў ня дзейнічае.Вельмі шмат супадзеньняў, і справа ўлады сказаць, што гэта так альбо не".
У мінулую пятніцу Ўладзімер Ганчарык накіраваў усе гэтыя дакумэнты на адрас Аляксандра Лукашэнкі, але ніякага адказу ад яго не атрымаў. Камэнтуючы маўчаньне Лукашэнкі, ён зазначыў:
(Ганчарык: ) "Гэта можа азначаць толькі, што ён вельмі занепакоены. Але пытаньне ў тым — ён занепакоены тым, як высьветліць ісьціну альбо як апраўдацца?"