Гаспадар кавярні — латыскі пісьменьнік Артур Сьніпс. Ідэя музэя таталітарызму зьявілася некалькі гадоў таму, калі на гадавіну народзінаў Леніна ў Рызе правялі тэатральную акцыю. Замест аднаго дня дэкарацыі прастаялі год, і найперш шараговыя рыжане запатрабавалі, каб пэрформанс атрымаў сталае месца. Так зьявілася "Ўсходняя мяжа".
Аляксандра Лукашэнку ў атачэньні цяперашніх дзяржаўных сымбаляў Беларусі, здымкаў ды плякатаў, афіцыйных газэтаў "пасялілі" побач з Мао Цзэдунам. Артур Сьніпс кажа, што думае наведаць Беларусь, каб набыць для музэя новыя экспанаты.
(Сьніпс: ) "Ня ўсе таталітарныя лідэры трапілі ў наш музэй. Было вырашана, што ня варта чапаць вельмі старыя часы, якія рэальна не ўплываюць на наша мысьленьне. Нашыя пэрсанажы — цяперашнія аўтарытарныя кіраўнікі, альбо тыя, якія яшчэ жывыя ў памяці. Наша мэта — нагадваць урокі гісторыі, каб не наступаць двойчы на граблі. Гэта як маленькая турма, дзе мы перавыхоўваем ня толькі палітыкаў, але й тых людзей, якія сюды прыходзяць. Аб'ектыўна хваля дэмакратыі ідзе з Эўропы, і таталітарызму нічога не застаецца, як адыходзіць на Ўсход".
Цягам усёй працы кавярні на вялікім маніторы трансьлюецца дакумэнтальная кінахроніка часоў Гітлера, Сталіна, азіяцкіх ды афрыканскіх прэзыдэнтаў. Нарэшце з экрану чуецца знаёмы голас Аляксандра Лукашэнкі. Узьнёслыя словы на сьвяткаваньні "дажынак". Наведнікі кавярні актыўна абмяркоўваюць убачанае.
Што думае пра беларускі фэномэн Артур Сьніпс?
(Сьніпс: ) "Неяк я чуў такую тэзу: Беларусь будзе першай рэспублікай, якая будзе жыць пры камунізме. Ідэя роўнасьці палоніць, і людзі часта нават ня думаюць, чым гэта звычайна заканчваецца. Усім хочацца справядлівасьці. У беларусаў гэтая вера — што нехта прыйдзе, возьме за руку і павядзе ў камунізм — аказалася вельмі жывучая. На гэткім падмурку вельмі лёгка было пабудаваць таталітарызм.
Прыкладам, у Латвіі заўжды існавалі старыя каталіцкія карані. У Беларусі духоўныя традыцыі не захаваліся, альбо ў вельмі невялікай колькасьці. Другі момант — нацыянальная самасьвядомасьць. У вас заўжды існавала пагроза існаваньня культуры цэлай нацыі. У большасьці народаў існуе абарончая рэакцыя на зьнешнюю агрэсію. Беларусы, прабачце за гэтыя словы, са сваёй прыніжанай самасьвядомасьцю ўспрымальныя да кожнай новай ідэалёгіі — ёсьць гэта ідэалёгія МакДональдза, альбо Лукашэнкі".
Артур Сьніпс мяркуе, што электаральная адданасьць некаторай часткі беларускага насельніцтва Лукашэнку — гэта міт. Людзі здольныя з такой жа лёгкасьцю ад сваіх сымпатыяў адмовіцца, калі ўбачаць у іншай асобе больш станоўчыя якасьці. Дарэчы, Сьніпс кажа, што мае ў Беларусі сапраўднага сябра — Уладзімера Арлова, а менавіта такія людзі ёсьць падмуркам для нацыянальнага абуджэньня краіны.