Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖОНКІ ЗЬНІКЛЫХ І РЭПРЭСАВАНЫХ ПЛЯНУЮЦЬ СУСТРЭЧЫ Ў КАНГРЭСЕ ЗША


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня ў Вашынгтон выправілася дэлегацыя беларускіх жанчын, чые мужы зьніклі або памерлі пры нявысьветленых абставінах. У дэлегацыі Людміла Карпенка, Сьвятлана Завадзкая, Ірына Красоўская і Тацяна Клімава. У Вашынгтоне іх чакаюць спачатку ў Кангрэсе ЗША, дзе адбудуцца сустрэчы з шэрагам ўплывовых амэрыканскіх палітыкаў.

Асаблівую цікавасьць да беларускай дэлегацыі выказалі ў Камітэце правоў чалавека амэрыканскага парлямэнту. Людміла Карпенка, якая ўзначальвае фонд імя Генадзя Карпенкі, празь які была арганізаваная паездка, кажа, што амэрыканцаў вельмі непакоіць сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі.

"Ім, вядома ж, хацелася б пачуць, што ў нас у гэтай галіне стала крыху лепш, але мы ня можам прыхарошваць. Я ня бачу нейкіх зьменаў да лепшага", — паведаміла мне перад адлётам у Вашынгтон Людміла Карпенка. Як прыклад, яна назвала справы зьніклых палітыкаў, якія дагэтуль не расьсьледаваныя.

(Карпенка: ) "Ужо два гады прайшло, а што зроблена? Пра Карпенку ўвогуле забыліся, ніхто нічога ня робіць. Колькі я ні дамагалася расьсьледаваньня прычынаў сьмерці Генадзя, нічога не атрымалася.

Мне часта задаюць пытаньне — навошта гэта варушыць, пакіньце ўсё як ёсьць, усё роўна праўды ў нашай краіне ня знойдзеце, але я не здаюся. Бо тое, што зрабілі з маім мужам, можа паўтарыцца зь іншымі апазыцыянэрамі. А ўлады нашыя наўмысна нічога не расьсьледуюць, бо яны самі гэта зрабілі", — мяркуе Людміла Карпенка.

У Вашынгтоне беларускія жанчыны таксама сустрэнуцца з прадстаўнікамі амэрыканскіх мэдыяў і грамадзкіх арганізацыяў. "Трэба, каб больш простых амэрыканцаў, а не адны палітыкі, ведалі, што ў Беларусі зьнікаюць тыя, хто змагаецца з рэжымам Лукашэнкі", — гэтак акрэсьліла мэту паездкі ў ЗША жонка зьніклага Анатоля Красоўскага Ірына.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG