Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКУ ХОЛАДНА СУСТРЭЛІ НА МЕНСКІМ ТРАКТАРНЫМ ЗАВОДЗЕ


Міхал Стэльмак, Менск

А вось як пракамэнтаваў гэты візыт нашаму радыё генэральны дырэктар МТЗ Міхаіл Лявонаў:

(Лявонаў: ) "Тэму прыватызацыі сёньня мы не абмяркоўвалі. Аднак прэзыдэнт удакладніў, ці маем мы праект прыватызацыі і які. Але мы прынцыпова гэткай задачы ня ставілі. Бо на сёньняшні дзень няма неабходных эканамічных умоваў, адпаведнай рынкавай сытуацыі. Мы ня бачым рэальнага інвэстара".

Між тым, менавіта тэма прыватызацыі трактарнага заводу, на чым нібыта настойвае Міхаіл Лявонаў, справакавала нядаўнюю рэзкую крытыку афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі на яго адрас.

Хто ініцыятар гэтай крытыкі? З такім пытаньнем на мітынгу, які адбыўся на тэрыторыі заводу, зьвярнуліся сёньня да Аляксандра Лукашэнкі працаўнікі МТЗ. Паводле іхных словаў, Беларускае тэлебачаньне неабгрунтавана крытыкуе генэральнага дырэктара МТЗ. На гэта Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі СМІ дзейнічаюць паводле дэмакратычных прынцыпаў і што яны нібыта самастойна вызначаюць сваю пазыцыю.

Між тым, калектыў МТЗ лічыць, што выпады супраць кіраўніка прадпрыемства насамрэч ініцыявалі ўлады, і найперш сам Аляксандар Лукашэнка. Так, у прыватнасьці, лічыць намесьнік старшыні прафсаюзнага камітэту МТЗ Эдуард Грыхуцік:

(Грыхуцік: ) "Тая тэхніка, што стаіць тут, зробленая за чатыры гады тымі ж людзьмі, што працавалі раней. Хто арганізаваў гэтую працу? Хто аб’яднаў калектыў? Дырэктар. І чым ён сёньня не дагадзіў? Хто сёньня перашкаджаў сабраць у Доме культуры пасьля працы 600-800 чалавек?".

Паводле словаў спадара Грыхуціка, працаўнікі МТЗ не задаволеныя сёньняшняй сустрэчай у тым ліку і з прычыны ейнай арганізацыі. Сапраўды, з самага ранку завод быў ачэплены шматлікімі супрацоўнікамі праваахоўчых органаў, і сотні людзей не маглі трапіць на тэрыторыю прадпрыемства.

Не атрымалі адказаў на свае пытаньні й тыя, хто трапіў на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. Адметна, што і завершылася сустрэча на МТЗ бяз звыклых воплескаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG