Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА: І ПАСЬЛЯ РЭГІСТРАЦЫІ ЎЛАДЫ МОГУЦЬ ЗЬНЯЦЬ З ДЫСТАНЦЫІ АДЗІНАГА КАНДЫДАТА


Ганна Соусь, Менск

На ягоную думку, трэба быць падрыхтаванымі да таго, што пасьля рэгістрацыі ўлады могуць у любы момант зьняць з дыстанцыі адзінага дэмакратычнага кандыдата.

Cёньня Анатоль Лябедзька патлумачыў пазыцыю Аб'яднанай грамадзянскай партыі ў справе вызначэньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў.

(Лябедзька: ) "Першы этап — пяцёрка дамаўляецца самастойна, хто ў гэтай камандзе нумар адзін. Калі гэта не спрацоўвае да пэўнага тэрміну, тады ўступае другая частка працэдуры, і калегія выбарцаў, адабраная пяцёркай з уплывовых вядомых людзей, прымае рашэньне. Напярэдадні прыняцьця рашэньня ім даецца вельмі шырокая інфармацыя, каб яны былі падрыхтаваныя. І потым гэтыя сем ці дзевяць чалавек выказваюць свае стаўленьне ды галасуюць".

Анатоль Лябедзька пракамэнтаваў таксама для Радыё Свабода апошнія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што адзінага кандыдата на прэзыдэнта нібыта будуць абіраць у Вільні, замкнуўшы пяцёрку прэтэндэнтаў у адным пакоі, пакуль тыя ня вызначацца.

(Лябедзька: ) "Аляксандар Рыгоравіч — праваслаўны атэіст, але ведае некаторыя працэдуры выбараў Папы Рымскага. Дзе будзе зьбірацца пяцёрка — у Шклове, Вільні альбо Маскве, гэта тэхнічнае пытаньне. І я яшчэ разьмежаваў бы два моманты: вызначэньне адзінага кандыдата і ягоная публічная прэзэнтацыя — гэта крыху розныя рэчы.

Калі сёньня назваць прозьвішча адзінага кандыдата, у яго могуць узьнікнуць дадатковыя складанасьці падчас працэдуры рэгістрацыі. Разам з тым, у любы момант, на наступны дзень пасьля рэгістрацыі, за дзень да завяршэньня выбараў, у Лукашэнкі ёсьць усе мажлівасьці, каб зьняць яго з дыстанцыі".

І таму, паводле старшыні АГП, трэба рыхтавацца да гэткага сцэнару з боку ўлады і выпрацоўваць адпаведныя мэханізмы супрацьдзеяньня.

(Лябедзька: ) "Мы павінны падрыхтаваць грамадзкасьць, што такое верагодна, каб людзі жылі гэтай тэмай. А калі ў чалавека адбіраюць надзею, ён ужо падрыхтаваны да нейкіх дзеяньняў — нават выйсьці да адміністрацыі Лукашэнкі і патрабаваць справядлівых выбараў".

Гэта быў старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. На ягоную думку, найбольш пазытыўным сцэнаром выбарчай кампаніі быў бы такі, пры якім у першым туры змагаліся б тры кандыдаты — Аляксандар Лукашэнка, адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў й Зянон Пазьняк. Бо, паводле Лябедзькі, Лукашэнка і Пазьняк — "радыкальныя" фігуры і іхны ўдзел у выбарах даў бы магчымасьць адзінаму незалежнаму кандыдату заняць найбольш спрыяльную пазыцыю ў цэнтры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG