Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЖНАРОДНЫЯ НАЗІРАЛЬНІІКІ НА ПРЭЗЫДЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ ПАКУЛЬ НЕ СЬПЯШАЮЦЦА


Юры Сьвірко, Менск

"Ад таго, наколькі будзе актыўным, шырокім і эфэктыўным міжнароднае назіраньне, у шмат чым будзе залежаць і міжнароднае прызнаньне выбараў", — заявіў сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік.

У той жа дзень віцэ-прэм’ер і міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў распавёў Аляксандру Лукашэнку пра вынікі парыскіх кансультацыяў розных парлямэнцкіх структураў Эўропы ў справе ўдзелу міжнародных назіральнікаў у выбарах прэзыдэнта Беларусі.

Як паведаміла прэсавая служба спадара Лукашэнкі, ён "даручыў ажыцьцяўляць актыўнае супрацоўніцтва з АБСЭ ў пытаньнях міжнароднага назіраньня з улікам рашэньня кіраўнікоў дзяржаваў СНД пра арганізацыю назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі краінамі-ўдзельнікамі Садружнасьці, прынятага 1 чэрвеня сёлета ў Менску".

Што стаіць за гэтай фармулёўкай — чаму супрацоўнічаць з АБСЭ трэба з улікам рашэньня менскага саміту СНД, патлумачыць ня могуць ні ў Лукашэнкавай адміністрацыі, ні ў Міністэрстве замежных справаў.

Я патэлефанаваў кіраўніку Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску Гансу-Георгу Віку й спытаў, ці не чакае ён праблемаў ад такой фармулёўкі?

(Вік: ) "Мы пабачым. Я не магу інтэрпрэтаваць словы спадара Лукашэнкі. Гэта справа яго ды ягоных споўксмэнаў", — адказаў амбасадар Вік.

На маё наступнае пытаньне — ці чакае ён увогуле запрашэньняў ад беларускага боку для назіральнікаў ад АБСЭ, спадар Вік даў гэткі адказ:

(Вік: ) "Гэта тое, пра што вы мусіце спытацца ва ўладаў. Вы зараз пытаецеся ня ў той асобы".

Ганс-Георг Вік нагадаў, што эўрапейскія парлямэнцкія структуры вырашылі браць удзел у назіраньні за беларускімі выбарамі зусім нядаўна, і ўлады проста не маглі так хутка даслаць запрашэньні.

(Вік: ) "Наўрад ці мажліва для іх даслаць запрашэньні, калі мы зрабілі сваю заяву ўсяго некалькі дзён таму", — зазначыў кіраўнік групы АБСЭ ў Беларусі.

Прэсавы сакратар Цэнтральнае выбарчае камісіі Ўладзімер Юрэвіч паведаміў сёньня, што пакуль даслалі сьпісы міжнародных назіральнікаў толькі Расея, тры чалавекі з гэтак званага парлямэнцкага сходу Саюзу Беларусі й Расеі ды два чалавекі з Украіны. Заяўкі прымаюць да 1 верасьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG