Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЯСТЭЧКІ БЕЛАРУСІ


Аўтар і вядучы: Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае: гісторык Захар Шыбека.

(Ракіцкі: ) "Мястэчка" ў старабеларускай мове азначала нішто іншае як ласкавае "гарадок", "маленькі горад" ці "горад невялічкі". Мястэчка... Прамаўляеш гэтае слова — і адчуваеш у ім нейкую пяшчоту і цеплыню, унутранае замілаваньне і супакаеньне, якія ідуць з глыбіні вякоў, ад нашых продкаў.

І такія асацыяцыі — зусім невыпадковыя. Бо для свайго часу мястэчка — гэта самы дасканалы й самы гарманізаваны тып людзкіх паселішчаў. Яны — паміж вёскай і горадам, не адарваныя ад іх. А таму бралі ўсё лепшае з абодвух — і здаровы дух прыроды, і здабыткі гарадзкой цывілізацыі.

Вось як апісваюць беларускія географы Жучкевіч, Малышаў і Рагозін выгляд тыповага для колішняй Беларусі мястэчка:

"Мястэчка мела своеасаблівы выгляд. Яго цэнтрам была кірмашовая плошча, побач зь якой на самым высокім месцы стаялі царква і касьцёл, будынак мясцовага праўленьня, некалькі лавак з таварамі сялянскага хатняга ўжытку. Галоўная вуліца была шырэйшай за іншыя, часам брукаванай. Пры ўезьдзе ў мястэчка знаходзіліся пастаялы двор і карчма. На перакрыжаваньні дарогаў ставіўся вялізарны крыж. У цэнтральнай частцы знаходзілася некалькі добрых дамоў, якія належалі сьвятарам і буйным гандлярам. Крыху воддаль жылі і працавалі рамесьнікі. Ускрайкі займалі сялянскія гаспадаркі".

Ці можна сказаць, што Беларусь гістарычна — краіна мястэчкаў? Пытаньне да майго госьця — гісторыка Захара Шыбекі".

(Шыбека: ) "Безумоўна. Такая ж урбаністычная мадэль у XV–XVIII ст. існавала ва ўсёй Цэнтральнай і Заходняй Эўропе. Мястэчкі рабілі Беларусь эўрапейскай краінай. Можна сказаць з упэўненасьцю: ёсьць мястэчкі — ёсьць Беларусь, няма мястэчкаў — няма Беларусі".

(Ракіцкі: ) "І калі яны ўзьнікаюць на нашых землях?"

(Шыбека: ) "Узьніклі мястэчкі ў XIV стагодзьдзі. Гэта быў якраз той час, калі ў дзяржаўнай казны ВКЛ зьявіўся лішак грошай для разбудаваньня гарадоў і мястэчак. Гэтыя грошы здабываліся ваеннымі паходамі Альгерда і Вітаўта, працай беларускага народу і ўсталяваньнем сталых гандлёвых сувязяў з заходнеэўрапейскімі краінамі.

З XIV ст. плыты беларускага лесу пачалі спускацца па рэках да Балтыйскага мора. Эўропе стаў патрэбны мачтавы лес. Марская магутнасьць Англіі стваралася экспартам беларусага лесу. Першыя мястэчкі расьлі пераважна на дзяржаўным экспарце лесу. Многія зь іх сталі фрахтовымі кропкамі гэтага экспарту. Мястэчкі таго часу маглі засноўвацца толькі дзяржавай. Усе падаткі ад мястэчак ішлі ў казну".

(Ракіцкі: ) "Які пэрыяд гісторыі нашае краіны быў найбольш спрыяльны дзеля разьвіцьця мястэчак?"

(Шыбека: ) "Росквіт мястэчак прыйшоўся на пэрыяд ад другой паловы XVI ст. да сярэдзіны XVII ст. У 1588 г. права заснаваньня іх на ўласнай зямлі атрымаў кожны шляхціч і кожная царкоўная ўстанова. Калі ў XV–XVI ст. на тэрыторыі Беларусі было больш за 200 мястэчак (пераважна дзяржаўных), то ў XVI–XVII ст. — ужо каля 400 (і пераважна прыватных). Назіралася імклівая ўрбанізацыя беларускіх земляў. Гэтаму спрыяў рост прыбытковасьці сельскай гаспадаркі.

У той час Эўропа перайшла на пераважна расьліннае харчаваньне. Цэны на зерне трымаліся высокія. Каб павялічыць прадукцыйнасьць сельскай гаспадаркі, Жыгімонт ІІ Аўгуст і ягоная жонка Бона Сфорца, італьянка паводле паходжаньня, правялі ў 1557 г. у ВКЛ першую аграрную рэформу пад назвай Валочная памера. Беларускія мястэчкі выступалі своеасаблівымі зборнымі пунктамі сельскагаспадарчай прадукцыі дзеля адпраўкі яе потым рэкамі і праз Балтыйскае мора па назначэньні.

Рэформа закранала і арганізацыю новых мястэчак. Адлегласьць паміж імі была 12–30 кілямэтраў. Таму кожнае мястэчка рэальна ахоплівала сваім уплывам акругу радыюсам ня болей за 15 кілямэтраў. Гэта была якраз тая адлегласьць, якую вясковец мог лёгка пераадолець за дзень, калі не пехатой, то на кані".

(Ракіцкі: ) "Цікавая акалічнасьць нашае краіны — і сёньня, а ў мінулым перадусім, на захадзе Беларусі невялікія населеныя пункты называюць мястэчкамі, а на ўсходзе — вёскамі. Мястэчка найперш характэрнае для Заходняе Беларусі?"

(Шыбека: ) "Большасьць мястэчак узьнікала на захадзе, які меў блізкія і зручныя сувязі з эўрапейскімі рынкамі, менш — на ўсходзе. Але і ўсход уцягваўся ў эўрапейскі гандаль праз сыстэму рэк і гужавы транспарт. На ўсходзе эўрапейскі ўплыў і заканчваўся, між іншым, межамі басэйну Дняпра і Заходняе Дзьвіны. Басэйн Волгі меў ужо цягу да паўднёвага, мусульманска-азіяцкага сьвету. А Беларусь была неад'емнай часткай эўрапейскага эканамічнага арганізму. Калі яе рэкі выступалі капілярамі, то мястэчкі — своеасаблівымі лімфатычнымі вузельчыкамі гэтага арганізму".

(Ракіцкі: ) "Якую ролю адыгрывалі мястэчкі ў палітычнай, эканамічнай, культурнай арганізацыі дзяржавы?"

(Шыбека: ) "Мястэчкі былі добрымі сувязнымі і на ўнутраным рынку. Празь іх здабыткі вясковае працы паступалі ў мясцовыя гарады. А гарады ў сваю чаргу выкарыстоўвалі мястэчкі як пасярэднікаў для збыту сваіх прамысловых вырабаў вяскоўцам. У выніку маленькiя беларускія вёсачкi (дзясятак хацiнаў) уцягваліся ў таварна-грашовыя дачыненьні і траплялі пад эканамічны ўплыў гарадоў.

Мястэчкі прэзэнтавалі таксама лякальную культуру, якая духоўна ўзбагачала гарады. І ў сваю чаргу служылі для гарадоў каналам дзеля напаўненьня вясковага асяродзьдзя "гарадзкой сьвядомасьцю" і культурай ужо больш выкшталтаванай. Дзякуючы мястэчкам, кожная беларуская вёсачка рабілася часьцінкай агульнабеларускай культурнай прасторы на чале з гарадамі.

Як бачым, паводле сваёй грамадзкай ролі, мястэчкі мала чым саступалі гарадам. Не выпадкова таму, паводле Бельскага сэйму 1564 г., яны атрымалі нароўні з гарадзкімі цэнтрамі магчымасьць набываць магдэбургскае права і вызваляцца з-пад апекі фэадалаў".

(Ракіцкі: ) "Як зьмянілася роля мястэчак пасьля таго, як Беларусь стала часткай Расейскае імпэрыі?"

(Шыбека: ) "Пасьля далучэньня Беларусі да Расеі мястэчкі ператвараліся ў рэзэрвацыі для габрэйскага насельніцтва. Заснаваньне новых мястэчак прыпынілася. Будаўніцтва чыгунак паскорыла бег тавараў і тым зьменшыла колькасьць неабходных гандлёвых кропак, якімі зьяўляліся мястэчкі. Такія мястэчкі царская адміністрацыя тут жа пераводзіла ў разрад сельскіх паселішчаў.

Аднак, гэта часта рабілася і беспадстаўна, толькі таму, што ў Расеі мястэчак не існавала. А таму колькасьць мястэчак у Беларусі паменшылася з 418-ці ў 1863 г. да 322-х у пачатку ХХ ст. Царскі ўрад увогуле плянаваў частку мястэчак зрабіць вёскамі і толькі больш значныя перайменаваць у "пасады". Праўда, на ажыцьцяўленьне гэтага праекту казна не знайшла дастатковых сродкаў. Не знаходзілася сродкаў і на перавод найбольш выбітных мястэчак у разрад гарадоў.

Ва ўмовах царскай Расеі працэсы ўрбанізацыі празь мястэчкі, вёскі і выдзяленьне зь сялянства гарадзкіх станаў істотна ўскладніліся. Гэтым працэсам царскі ўрад ніяк не спрыяў. Беларусы ператвараліся ў няпоўную, сялянскую нацыю, якая характарызуецца безабароннасьцю перад зьнешняй небясьпекай і якая лёгка прыстасоўваецца да ўлады, нават калі тая чужынская.

Далучэньне Беларусі да Расеі мела шэраг адмоўных вынікаў. Але, можа, самым трагічным было якраз запавольваньне і дэфармацыя ўрбаністычнага працэсу, які забясьпечваў фармаваньне поўнаскладовай беларускай нацыі".

(Ракіцкі) "Але, здаецца царская расейская ўлада не змагла цалкам зьнішчыць беларускія традыцыйныя паселішчы — мястэчкі…"

(Шыбека: ) "Так, царызм ня змог канчаткова зламаць традыцыйную ўрбаністычную мадэль Беларусі. Найбуйнейшыя мястэчкі захоўваліся і звычайна рабіліся цэнтрамі воласьцяў і парафіяў, а пасьля адмены прыгону і ўвядзеньня чыгунак рабіліся яшчэ больш інтэнсыўнымі трансфарматарамі эканамічнага і культурнага абмену паміж горадам і вёскай.

У мястэчках канца ХІХ – пачатку ХХ ст. фармаваліся цэлыя статкі адкормленых сьвіней і гусей, якія перапраўляліся потым у гарады, уключна з германскімі. Ды і жыцьцё ў мястэчках рабілася ўсё больш урбанізаваным".

(Ракіцкі: ) "А вось як навукоўцы апісвалі выгляд тыповага мястэчка напрыканцы ХІХ-га стагодзьдзя:

"Праваслаўны сьвятар мястэчка Крэва сьведчыў, што ў 1871 г. яго прыхаджане мяшчанскага саслоўя імкнуліся пераўзысьці сялян. На сьвяточны дзень многія мелі сурдут чорнага, радзей шэрага колеру; іншыя — камізэлькі і нават манішкі. Апраналіся ў каптаны, але ўсё ж чорнага колеру, а ня шэрага, як вяскоўцы. Мужчыны галіліся, пакідалі толькі невялікія вусы і рэдка — бакенбарды. Жанчыны ў сьвяточныя дні апраналі стракатыя паркалёвыя, а то і ваўняныя сукенкі. Перад вяскоўцамі мяшчане любілі паказаць сябе гараджанамі. Сяляне ставіліся да іх з належнай пашанай, але за вочы — пасьмейваліся".

(Шыбека: ) "Мястэчкі заставаліся скарбніцай разнастайнай народнай творчасьці. Дзеля выжываньня местачкоўцам прыходзілася прыкладаць максымум вынаходніцтва. Мястэчка Боцькі на Гарадзеншчыне славілася ў сярэдзіне ХІХ ст. вытворчасьцю нагаек і пугаў (бізуноў), вядомых сярод школьнікаў пад назвай "боцькаўскія ўгаворшчыкі".

У мястэчку Глуск на Бабруйшчыне быў наладжаны ў пачатку ХХ ст. выраб з асінавай стружкі разнакаляровых бантаў, а жыхары мястэчка Гарадок, што на Ашмяншчыне, займаліся ў 60-х гадох ХІХ ст. гандлем піявак, якіх прывозілі з ваколіцаў Гомеля".

(Ракіцкі: ) "1917 год. Грымнуў у Расеі і разбуральна адгукнуўся ў нас бальшавіцкі пераварот. Як паўплываў ён на мястэчкі?"

(Шыбека: ) "Пасьля бальшавіцкага перавароту, у гады НЭП, з 176 беларускіх мястэчак БССР афіцыйнае прызнаньне набылі менш за траціну. А паводле меркаваньня вядомага беларускага географа Азбукіна, мястэчкамі вартыя былі звацца ў той час ня менш за 300 сельскіх паселішчаў.

Праўда, у адрозьненьне ад царскага ўраду, мясцовае савецкае кіраўніцтва сваімі дэкрэтамі ня толькі вынішчала, але й засноўвала новыя мястэчкі. Калі ў 1925 г. у БССР было 43, то 1930-м — 68 мястэчак. Буйнейшыя пераводзіліся ў гарады, а дробныя адносіліся да сёлаў.

Аднак савецкі рэнэсанс мястэчак працягваўся нядоўга. У 1938 г. Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету БССР зацьвердзіў клясыфікацыю паселішчаў рэспублікі. Мястэчкам у гэтай клясыфікацыі ўжо не знайшлося месца. Яны былі ператвораныя часткова ў гарадзкія пасёлкі, часткова — у рабочыя пасёлкі, а часткова — у сёлы.

Тое, што распачало самаўладзьдзе, дакончылі бальшавікі. Мястэчкі, як сувязныя рынку, станавіліся не патрэбныя і замяняліся паселішчамі-казармамі, тыпу рабочых пасёлкаў. Сталінскі таталітарны рэжым увогуле мог трымацца толькі на адміністрацыйнай аднастайнасьці і ўнівэрсальнасьці. А мястэчкі выбіваліся з гэтага правіла. У Заходняй Беларусі мястэчкі захоўваліся да 1939 году".

(Ракіцкі: ) "З вашага гледзішча — ці варта аднаўляць сёньня старую ўрбаністычную сыстэму Беларусі? А можа, хай слова "мястэчка" застаецца адно толькі напамінам пра нашую спадчыну?"

(Шыбека: ) "Незалежная Літва аднавіла назву "мястэчка". Думаю, Беларусь таксама павінна зрабіць тое ж, калі яна дбае пра захаваньне ўласнай культурнай спадчыны.

Аднавіць жа мястэчкі функцыянальна будзе цяжэй. Мястэчкі — гэта грошы. А мы пакуль не настолькі багатыя, а таму ня можам утрымліваць ня толькі мястэчкі, але звычайныя вёскі. Яны паціху канаюць.

І ўсё ж пэрспэктывы дзеля адраджэньня пэўнай колькасьці мястэчак ёсьць. Беларусь можа стаць клясычным прыкладам транзытнага гандлю ў Эўропе. І тады, трэба спадзявацца, адбудаваныя мястэчкі, як і ў пэрыяд сярэднявечча, дапамогуць Беларусі адчуць сябе часткай адзінага эўрапейскага арганізму".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG