Супрацоўнік газэты "Вольны горад" Зьміцер Сяргееў, які патэлефанаваў у менскае бюро Радыё Свабода, паведаміў, што сачыць за кватэрай рэдакцыі пачалі ўжо даўно. Прыкладам, учора міліцыянт дзяжурыў у пад’езьдзе цягам сутак. А сёньня міліцыянты ўварваліся ў памяшканьне. Гаворыць Зьміцер Сяргееў:
(Сяргееў: ) "Сёньня раніцай, калі наш чалавек спрабаваў зайсьці ў кватэру, дзе месьціцца рэдакцыя "Вольнага гораду", разам зь ім уварваўся міліцыянт. Другога не пусьцілі, пасьпеўшы зачыніць перад ім дзьверы. Але той адразу ж зьвязаўся па рацыі з кіраўніком раённай міліцыі, і хвіліны праз 3-4 зьявілася цэлая брыгада.
Той супрацоўнік, які застаўся ў офісе, не прад’явіў ніякіх дакумэнтаў, не сказаў і пра мэту свайго няпрошанага візыту. Толькі празь некаторы час сказаў, што ў яго дрэнна з сэрцам і папрасіў адчыніць дзьверы. Як толькі дзьверы адчынілі, адразу ж уварваліся астатнія міліцыянты і забралі ўсіх супрацоўнікаў — Няроўнага, Маторанку, Баравікова.
Канфіскавалі ўсю тэхніку, пагрузілі ў машыны й адвезьлі ў райаддзел міліцыі; зараз апісваюць разам з газэтамі, што знайшлі ў рэдакцыі (а гэта спэвыпускі "Нашай свабоды", "Рабочага", "Праваабарончага весьніка" і некаторыя іншыя). Саму кватэру апячаталі, узялі пад варту і нікога туды не пускаюць".
(Карэспандэнт: ) "Калі не памыляюся, у гэтым памяшканьні таксама месьціцца й штаб збору подпісаў за Сямёна Домаша?"
(Сяргееў: ) "Так, так. Разам з рэдакцыяй у нас і штаб Домаша. Тут базавалася ягоная ініцыятыўная група".
Спадар Сяргееў мяркуе, што прычына такога гвалту найперш палітычная, бо мясцовая ўлада, паводле ягоных словаў, напалоханая актыўнасьцю каманды Сямёна Домаша.