Кыргызстан прадстаўлены ў шэрагу міжнародных арганізацыяў, якія ставяць пад сумнеў легітымнасьць “нацыянальнага сходу” Беларусі. Якую ж карысьць атрымлівае Бішкек ад візыту дэлегацыі на чале са спадаром Вайтовічам? На гэтае пытаньне адказвае дырэктар Кыргыскай службы нашага Радыё Нарын Айыш.
(Айып: ) “Паміж Беларусьсю і Кыргызстанам няма нейкіх асабліва шчыльных палітычных ці эканамічных адносінаў. Але Беларусь знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі. І Кыргызстан таксама. Асабліва пасьля леташніх прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў краіна стала аб’ектам жорсткай крытыкі з боку міжнародных арганізацыяў і заходніх краінаў. Кіраўніцтва абедзьвюх краінаў нібыта дэманструе, што нягледзячы на крытыку, абедзьве дзяржавы разьвіваюць міжнароднае супрацоўніцтва, хоць і паміж сабою. Акрамя гэтага Бішкек заўсёды вядзе палітыку з аглядкаю на Маскву. І калі Масква падтрымлівае сувязі з Беларусьсю, то для Кыргызстану прыём гэтай дэлегацыі – сродак спадабацца Маскве і паказаць, што мы супрацоўнічаем з тымі ж краінамі, што і Расея.
Кыргызстан ізаляваны ад міжнароднай супольнасьці менш, чым Беларусь. Супраць Кыргызстану няма ніякіх міжнародных санкцыяў, напрыклад, каб адмовіць краіне ў прадстаўніцтве ў нейкай міжнароднай ці міжпарлямэнцкай арганізацыі ці не прызнаваць легітымнасьць галінаў улады. Аднак Бішкек, прымаючы парлямэнцкую дэлегацыю Беларусі, абсалютна не зьвяртае ўвагі на тое, што гэты беларускі заканадаўчы ворган не прызнаны міжнароднымі арганізацыямі. Гэта цалкам палягае ў рэчышчы рэпрэсіўнай палітыкі кыргыскіх уладаў. Калі АБСЭ і Дзярждэпартэмэнт ЗША папракаюць Бішкек, то кыргыскія ўлады паварочваюцца ў бок тых краінаў, якія іх не крытыкуюць. Ствараецца ілюзія шырокіх міжнародных кантактаў, Расея нас не крытыкуе, Беларусь не крытыкуе – значыць усё добра”.