Летась Беларусь сярод іншых краінаў сьвету была ў гэтым сьпісе на 57-м месцы. Ейны сёлетні рэйтынг, такім чынам, падвысіўся. Аднак, як заявіў сёньня кіраўнік менскага прадстаўніцтва ААН Ніл Бунэ, напраўду такі прагрэс выкліканы тэхнічнымі прычынамі. Сёлета пры складаньні рэйтынгу экспэрты ААН выключылі зь яго шэраг краінаў, якія летась апярэджвалі Беларусь.
Як сьведчаць зьвесткі Глябальнай справаздачы за 2001 год, Беларусь страціла аднаасобнае лідэрства сярод краінаў СНД паводле індэксу адукацыі і зраўналася з Расеяй, Украінай, Арменіяй, Казахстанам ды Туркмэністанам.
Як вынікае са справаздачы, скарачаецца ранейшая перавага Беларусі і ў такім пытаньні як узровень сукупнага ўнутранага прадукту на насельніка.
Асабліва відавочны тут прагрэс суседзяў — Расеі і Латвіі. Латвія, напрыклад, якая адставала летась ад Беларусі, сёлета апярэдзіла яе і заняла 50-е месца. Аналягічная тэндэнцыя і ў Літве. Вось што паведаміў на гэты конт нашаму Радыё Ніл Бунэ:
(Бунэ: ) "Зьвесткі па Беларусі й Літве ў сфэры індэксу чалавечага разьвіцьця прыблізна аднолькавыя. Але галоўнае адрозьненьне Літвы ад Беларусі ў тым, што літоўскія паказчыкі моцна вырасьлі. Асобныя паказчыкі дзьвюх дзяржаваў у прынцыпе параўнальныя, але самае вялікае іхнае адрозьненьне — працягласьць жыцьця. Інакш кажучы, у Літве людзі жывуць даўжэй, чымсьці ў Беларусі".
Як вынікае з Глябальнай справаздачы ААН, значных посьпехаў у гэтай сфэры можна дасягнуць толькі тады, калі эканоміка краіны рэальна служыць паляпшэньню жыцьця людзей.
Сьціплыя паказчыкі, паводле словаў Ніла Бунэ, Беларусь мае і ў найважнейшых сфэрах тэхналягічнага разьвіцьця. Найперш, такіх як камэрцыялізацыя тэхналягічных дасягненьняў, разьвіцьцё тэлекамунікацыяў ды Інтэрнэту. Напрыклад, жыхары Польшчы маюць у 38 разоў больш магчымасьцяў для доступу ў Інтэрнэт, чым беларусы, паводле зьвестак ААН.
Кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка, які браў удзел у падрыхтоўцы Глябальнай справаздачы ААН, зазначыў наступнае:
(Заіка: ) "У нас заўсёды могуць быць прэтэнзіі да міжнародных арганізацыяў, калі мы лічым сваю краіну лепшай за іншыя. Існуюць дакладныя паказчыкі, якія адзначаюць прагрэс у той ці іншай сфэры. Гэтая справаздача павінна скіроўваць нацыянальныя ўрады на вырашэньне пэўных мэтаў. Такой мэтай для Беларусі, напрыклад, магла б стаць працягласьць жыцьця".