Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД НАД КРЫСТАФЭРАМ ЛЕЦАМ ПАЧАЎСЯ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У залю Беларускага вайсковага суду, якая месьціцца на трэцім паверсе, Крыстафэру Лецу дапамаглі падняцца ахоўнікі. На маё пытаньне "Як вы сябе адчуваеце?", ён вельмі ціха адказаў па-расейску: "Я хворы".

Пасьля гэтага абвінавачанага зацягнулі ў нейкі пакойчык, дзе пратрымалі яшчэ паўгадзіны. Перад пачаткам працэсу журналісты пабачылі яго яшчэ некалькі сэкундаў. Спадар Лец быў вельмі бледны, рухаўся зь цяжкасьцю, у руках трымаў інгалятар. На маё пытаньне "Ці прызнаяце вы сябе шпіёнам?", Лец адказаў "I am fine", што азначае "Ў мяне ўсё добра". Дзьверы за нямецкім грамадзянінам зачыніліся, працэс над ім пачаўся.

Паводле старшыні Беларускага вайсковага суду Паўла Лізунова, гэта першы ў Беларусі працэс над замежнікам, якога абвінавачваюць у шпіянажы. Тое, што справа разглядаецца за зачыненымі дзьвярыма і ў вайсковым судзе, Павал Лізуноў патлумачыў дзяржаўнымі інтарэсамі.

(Лізуноў: ) "Такія катэгорыі справаў разглядаюцца паводле закону толькі ў закрытым паседжаньні, паколькі яны зьвязаныя зь дзяржаўнымі сакрэтамі. Гэтым жа тлумачыцца і тое, што справа накіраваная ў вайсковы суд. Да таго ж, гэта яшчэ залежыць і ад старшыні Вярхоўнага суду. Ён так вырашыў", — сказаў старшыня вайсковага суду Павал Лізуноў.

Ад яго ж стала вядома, што калегію судзьдзяў узначальвае маёр юстыцыі Давыдаў. Абараняе Леца адвакат зь Менску Васіль Казлоў. Ён адмовіўся камэнтаваць абвінавачаньне супраць свайго падабароннага, а на пытаньне, ці прызнае Лец сябе вінаватым, адказаў:

(Казлоў: ) "Справа складаная, суд вырашыць, а ён у судзе сваю пазыцыю яшчэ выкажа".

Дарэчы, паводле старшыні вайсковага суду Лізунова, абвінавачаны не зьвяртаўся з просьбай наконт нямецкага адваката.

Калі скончыцца гэты працэс, прадказаць ніхто не бярэцца, але некаторыя крыніцы мяркуюць, што ён ня будзе доўгі. Справа складае шэсьць тамоў дакумэнтаў, заяўлена шасьцёра сьведкаў. Супрацоўнік КГБ, зь якім удалося паразмаўляць у будынку суда, распавёў, што Лец быццам бы займаўся вэрбоўкай агентаў сярод беларускіх грамадзянаў для адной з замежных выведак.

Калі нямецкага грамадзяніна прызнаюць вінаватым, то адбываць пакараньне ён будзе ў звычайнай беларускай турме — асобных для шпіёнаў у Беларусі няма.

Сьцерагуць Крыстафэра Леца вельмі пільна. Яго даставілі ў будынак не на ЎАЗіку і не на грузавіку, у якіх звычайна возяць вязьняў, а на адмысловым мікрааўтобусе. Аховай камандаваў капітан унутраных войскаў, а ў калідорах суда і на лесьвіцы дзяжурылі каля дзесяці супрацоўнікаў КГБ. Кантраляваў дзеяньні ахоўнікаў вядомы адмысловец са спэцаддзелу "Альфа".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG