Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖОНКІ ЗЬНІКЛЫХ БЕЛАРУСКІХ ПАЛІТЫКАЎ ВЫСТУПІЛІ ПЕРАД ДЭЛЕГАТАМІ СЭСІІ ПА АБСЭ Ў ПАРЫЖЫ


Вольга Караткевіч, Парыж

Пакуль на адноўленым пасьля выходных пленарным паседжаньні ПА АБСЭ абмяркоўваліся тэхнічныя пытаньні выбараў кіраўніцтва, рэдакцыйная камісіія разглядала рэзалюцыі, прынятыя камітэтамі, у пакоі для прэсавых канфэрэнцыяў пра лёс блізкіх, свой лёс і сытуацыю ў Беларусі гаварылі Сьвятлана Завадзкая, Ірына Красоўская, Вольга Захаранка, Тацяна Клімава і Людміла Карпенка. Як пасьля заўважыў францускі журналіст, уражаньне яны зрабілі мацнейшае за тое, робяць палітыкі.

Сьвятлана Завадзкая адзначыла, што бачаныя ёю падчас сьледзтва дакумэнты і копіі дакумэнтаў, распаўсюджаныя ад імя былых сьледчых пракуратуры Петрушкевіча і Случака супадаюць. Паводле яе, дакумэнты, копіямі якіх валодаюць былы генэральны пракурор Алег Бажэлка і былы старшыня КГБ Беларусі Ўладзімер Мацкевіч, сьведчаць пра далучанасьць уладаў Беларусі да зьнікненьняў людзей. Вольга Захаранка выказала спадзеў, што муж вернецца, і зьвярнулася да міжнародных арганізацыяў з просьбай прымусіць беларускія ўлады сказаць праўду.

Тацяна Клімава расказала на прыкладзе свайго мужа пра эканамічны тэрарызм супраць бізнэсоўцаў Беларусі.

Ірына Красоўская заявіла, што нягледзячы на тое, што сабраныя тут жанчыны – звычайныя, яны баяцца за свой лёс і за лёс блізкіх і дзяцей, тым ня менш яны адчуваюць адказнасьць.

Пасьля прэсавай канфэрэнцыі я пагутарыла зь Людмілай Карпенка, Тацянай Клімавай і Сьвятланай Завадзкай.

(Завадзкая: ) “Мы зразумелі, што калі мы не аб’яднаемся, дык паасобку мы нічога ня зробім”.

(Карэспандэнт: ) “Пытаньне да спадарыні Карпенка. Наколькі вам верыцца ў тое, што ў Беларусі магчыма пакараньне ўлады, якая, паводле сьведчаньняў пракурораў і вашых меркаваньняў, мае дачыненьне да зьнікненьняў і забойстваў палітычных апанэнтаў?”

(Карпенка: ) “Я лічу, што нечага мы зможам дамагчыся пасьля зьмены гэтай цяперашняй улады. Таму мы і езьдзім зараз, таму мы будзем езьдзіць па рэгіёнах нашай краіны, каб людзі ведалі, каб гэтая ўлада, каб гэты аўтарытарны рэжым сышоў. Мы спадзяемся толькі пры іншай уладзе даведацца праўду аб сваіх мужах”.

(Карэспандэнт: ) “У вашых выступах прагучалі прозьвішчы Бажэлкі і Мацкевіча. Наколькі вашая інфармацыя пра тое, што гэтыя людзі могуць загаварыць, праўдзівая?”

(Завадзкая: ) “Ня ведаю, ці могуць яны загаварыць, але мы павінныя прымусіць іх загаварыць”.

(Карпенка: ) “Мы будзем езьдзіць і казаць праўду. Наколькі гэта паўплывае? Цяжка меркаваць – людзі запалоханыя. І нават тыя, хто служыць гэтай уладзе, яны кажуць, што яны супраць яго, але яны яго баяцца”.

(Клімава: ) “Мне няма чаго дадаць апрача таго, што народ выкажа сваю думку на выбарчых участках, і інфармаванасьць яго аб тым, што жахлівага адбываецца ў нас у краіне, можа паўплываць на выбар людзей”.

Арганізаваная сустрэча была нефармальнай. Пасьля сустрэчы ў будынку Нацыянальнага сходу Францыі адбыўся абед з удзелам Сьвятланы Завадзкай, Тацяны Клімавай, Людмілы Карпенка, Вольгі Захаранка і Ірыны Красоўскай і дэлегатамі ад Партугаліі, Нідэрляндаў, Нямеччыны, Швэцыі і Нарвэгіі.

Пасьля жонкі зьніклых і рэпрэсаваных беларускіх палітыкаў і журналіста гаварылі з сёлетнім дакладчыкам Камітэту правоў чалвека і дэмакратыі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, членам расейскай дэлегацыі Еленай Мізулінай. Паводле інфармацыі, атрыманай пасьля сустрэчы, Елена Мізуліна паабяцала паспрыяць таму, каб пытаньне зьніклых людзей у Беларусі было ўзьнятае ў парлямэнцкіх ворганах так званага саюзу Беларусі і Расеі.

Заўтра спадарыні Завадзкая, Красоўская, Захаранка, Карпенка і Клімава правядуць прэсавую канфэрэнцыю, арганізаваную Парыскім Гельсынскім камітэтам і дадуць інтэрвію францускай газэце Le Mond.

Далей жанчыны плянуюць паездку па Беларусі. Яны таксама атрымалі запрашэньне наведаць ЗША, дзе сустрэнуцца з палітыкамі і грамадзкасьцю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG