Аўтар адзначае, што падрыхтоўка да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ідзе поўным ходам. У Менску кожную ноч на сьценах, на ўваходах у метро зьяўляюцца ўлёткі апазыцыйных партыяў, якія днём зьдзірае міліцыя, а калі ёй ўдасца, то і затрымлівае і расклейшчыкаў. Падвышаную актыўнасьць апазыцыі суправаджае ўзмацненьне рэпрэсіяў з боку фаварыта выбараў Аляксандра Лукашэнкі.
Аўтар згадвае, што праз нелегетымныя зьмены канстытуцыі Лукашэнка працягнуў тэрмін сваіх паўнамоцтваў да сямі гадоў. Аднак сёлета Лукашэнка ўжо ня можа ўхіліцца ад спаборніцтва са сваімі супернікамі, і для яго гэта ўжо не гульня ў бой. Адзін зь першых наступаў Лукашэнкі быў на менскую місію АБСЭ, якая плянавала рыхтаваць назіральнікаў на верасьнёўскія выбары. У інтэрвію для дзяржаўнага тэлебачаньня кіраўнік Беларусі ахарактарызаваў супрацоўнікаў АБСЭ як “бандытаў, што ўначы выцягваюць з-пад пасьцелі зброю”. Пазьней паведаміў, што возьме бюджэт місіі пад свой кантроль, бо яна нібыта фінансуе апазыцыю. Сябрам апазыцыйных партыяў параіў, каб не выходзілі на вуліцы: “Крычыце, але нашы людзі не дадуць сябе падмануць”.
Сваё абяцаньне сапраўды споўніў, калі выдаў дэкрэт, што абмяжоўвае свабоду дэманстрацыяў. У парлямэнце ляжыць праект далейшага закону “Пра інфармацыйную бясьпеку”, які, як вынікае ўжо з самой назвы, будзе скіраваны на далейшае абмежаваньне свабоды слова. Паводле верагоднай версіі гэтага закону, за распаўсюджаньне дзяржаўнай тайны можа быць абвінавачаны любы няўгодны замежны журналіст, акрэдытаваны ў Беларусі, і які можа быць без тлумачэньняў дэпартаваны.
Важным пытаньнем, піша далей аўтар, застаецца: калі не Лукашэнка, дык хто? Сярод зарэгістраваных кандыдатаў на прэзыдэнцкую пасаду ён адзначае Зянона Пазьняка, які жыве ў выгнаньні, і Міхаіла Чыгіра як ключавую фігуру беларускай апазыцыі. Праблемай застаецца тое, што апазыцыянэры насуперак абяцаньням ня здолелі аб’яднацца вакол адзінага кандыдата, хаця ніхто не сумняецца, што вынікі выбараў будуць так ці інакш сфальшаваныя на карысьць Лукашэнкі.
Прэзыдэнт на працягу ўсяго свайго тэрміну зьнішчаў сваіх палітычных апанэнтаў рознымі мэтадамі. І калі яны не зьніклі пры загадкавых абставінах, то дзяржаўная прапагандысцкая машына стварыла ім занадта нэгатыўны імідж. Таму для большасьці людзей, якія ня маюць доступ да альтэрнатыўнай інфармацыі, апазыцыя застаецца непрымальнай.
Беларуская апазыцыя, піша аўтар Respektu, адказвае ў межах сваіх магчымасьцяў. Пад загалоўкамі “ Мілошавіч паказаў прыклад Лукашэнку” ці “Сёньня Мілошавіч, заўтра Лукашэнка” апазыцыйны друк пісаў пра арышт былога югаслаўскага лідэра. Рэжым, аднак, дзейнічае хутчэй. Ён карыстаецца ўнутранымі спрэчкамі ў апазыцыі і пажынае посьпех.
Любамір Гомбаш дзеліцца сваімі ўражаньнямі ад праграмаў беларускага тэлебачаньня. На ягоную думку, перадача “Тайныя спружыны палітыкі” мае на мэце скампрамэтаваць апазыцыю ў вачах шырокай аўдыторыі. Падобную мэту мае і сэрыял Яўгена Новікава “Правы чалавека”, дзе, напрыклад, такія палітыкі як Мадлен Олбрайт, Ёшка Фішэр ці Вацлаў Гавэл неаднаразова выкрываліся як ворагі чалавецтва. Дыктар беларускага тэлебачаньня пры чытаньні навінаў, як заўважае аўтар, можа параіць: “Пераключыце на РТР, там ідзе футбол”. Беларускае тэлебачаньне хіба што адзінае ў сьвеце, якое сваім гледачам раіць, каб пераключыліся на канал-канкурэнт. Відаць, там ня хочуць, каб іх тэндэнцыйныя навіны нехта слухаў, піша аўтар артыкулу.