Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ НЯ ВЫЙШАЎ “ДЕНЬ?”


Любоў Лунёва, Менск

Рэдакцыя газэты "День" лічыць, што наклад затрымалі наўмысна, з прычыны інтэрвію Анатоля Гуляева з Іванам Ціцянковым. У гэтым інтэрвію Іван Ціцянкоў, у прыватнасьці, кажа пра дачыненьне ўладаў да зьнікненьня вядомых асобаў і пра крыніцы папаўненьня пэрсанальнага фонду Аляксандра Лукашэнкі. Галоўны рэдактар газэты "День" Аляксандар Тамковіч паведаміў Радыё Свабода:

(Тамковіч: ) "У пятніцу мы, як заўжды, прыйшлі ў тыпаграфію Дома друку. Здаліся, як кажуць журналісты. Літаральна хвіліны заставаліся, каб пайшоў наклад. Але ж потым нейкі клерк з Дома друку ўбачыў, што ідзе вялікі наклад, а мы яго й сапраўды павялічылі амаль у 10 разоў.

Газэту пачалі чытаць, убачылі інтэрвію з Іванам Ціцянковым. Газэту тармазнулі. Што яны рабілі далей, мне невядома. Я толькі ведаю са словаў тых, хто мае дачыненьне да Дома друку. Казалі, што гэтыя формы схавалі. Майму прадстаўніку, які там быў, сказалі, што друкаваць ня будуць. Я казаў: "Добра, калі праблемы з-за колькасьці асобнікаў, то друкуйце наш звычайны наклад". Яны адмовіліся гэта зрабіць".

(Карэспандэнт: ) "А чым яны матывавалі сваю адмову?"

(Тамковіч: ) "Матывавалі тым, што мы іх не папярэдзілі. Я тэлефанаваў і папярэджваў за суткі, што мы будзем друкаваць такі наклад. Мы прынесьлі адпаведны ліст, мы мелі пропуск на вываз гэтага накладу. Калі б гэта было нешта іншае, як не палітычны загад, альбо "перастрахоўка" чыноўніка, то надрукавалі б увесь наклад. Цяпер яны будуць глядзець, што ў гэтай газэце мы друкуем і вырашаць: рабіць большы наклад ці не.

Такім чынам уводзіцца такая вельмі хітрая цэнзура. Яны зрабілі так: калі б заўтра мы падрыхтавалі наступны нумар, яны б нам паведамілі, што суботні павінен быць сьпісаны. А як жа! Наступны нумар прыйшоў, а гэты не прадалі. Такім чынам, увесь наклад, які яны нават надрукавалі, за выключэньнем, што ў падпісчыкаў, павінен быў пайсьці пад нож. Гэта была вельмі прадуманая акцыя".

(Карэспандэнт: ) "Некаторыя газэты, у прыватнасьці "Наша свабода", зьмясьцілі гэтае інтэрвію Івана Ціцянкова. Што гэта? Рэдакцыя вырашыла падзяліцца са сваімі калегамі?"

(Тамковіч: ) "Ведаеце, я лічу, што ўсе мы робім адну журналісцкую справу. Мы імкнемся, каб людзі ведалі тое, што ў нас адбываецца. І тут ужо, як казаў расейскі паэт: "Сочтёмся славою". Безумоўна, я вельмі ўдзячны Беларускаму Дому друку і тым, хто даваў ім нарады, загады… Гэта добрая рэкляма для нашай новай газэты, якая існуе толькі тры месяцы. Гэта не апошняе інтэрвію спадара Ціцянкова. Вядуцца перамовы зрабіць інтэрвію з Бажэлкам".

У "Белсаюздруку" нам паведамілі, што газэта зьявіцца ў продажы толькі пры канцы дня. Выходзіць, чытачы набудуць суботні нумар газэты "День" толькі ў панядзелак перад закрыцьцём шапікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG