Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАТУС “ПУСТОГА КРЭСЛА” У ПА АБСЭ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ЗАХАВАНЫ


Вольга Караткевіч, Парыж

Учора на паседжаньні Мандатнай каміі з дакладам-рэкамэндацыяй выступіў сябра рабочай групы ПА АБСЭ па Беларусі, намесьнік кіраўніка швэдзкай сацыял-дэмакаратычнай партыі Ўрбан Алін. Нагадаю, на пачатку ліпеня Ўрбан Алін і сябра нямецкага бундэстагу Ута Цапф наведалі Беларусь, дзе правялі шэраг сутсрэчаў. Урабн Алін заявіў, што ў Беларусі няма прыкметаў дэмакратызацыі і зьменаў, таму гаворкі пра тое, што так званы “нацыянальны сход” Беларусі можа прадстаўляць краіну ў ПА АБСЭ, быць ня можа. Паколькі на думку Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ паўнамоцтвы Вярхоўнага Савету Беларусі скончыліся, прадстаўніцтва Беларусі ў гэтай структуры застаецца адкрытай.

Пасьля ў дыскусіі ўзялі ўдзел дэлегаты зь Беларусі – сябра Вярхоўнага Савету Беларусі Анатоль Лябедзька і сябра “палаты прадстаўнікоў” Барыс Бікінін, які заявіў, што нулявы варыянт (цытую) “не вытрымлівае крытыкі з юрыдычнага гледзішча” і такая пастанова, паводле Бікініна, маральна састарэла. Тым ня менш прапановы Уты Цапф і Ўрбана Аліна былі прынятыя.

Сёньня на паседжаньні Пастаяннага камітэту абмяркоўвалася рэзалюцыя, заснаваная на рэкамэндацыях Мандатнай камісіі. У выніку таго, што Расея, Малдова, Кыргістан і Таджыкістан не падтрымалі рэкамэндацыі Мандатнай камісіі, беларускае крэсла ў ПА АБСЭ застаецца пустым.

Праблемы, зьвязаныя зь Беларусьсю, уздымаліся сёньня і падчас пленарнага паседжаньня. Прадстаўнік Ірляндыі спытаўся ў старшыні АБСЭ, міністра замежных справаў Румыніі Мірчы Джаану пра лёс беларускага прафэсара-мэдыка Юрыя Бандажэўскага. Ірляндзкі парлямэнтар матываваў цікавасьць да долі прафэсара тым, што Бандажэўскі адкрыў праўду пра рост захворваньняў дзяцей у выніка аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Мірча Джаану сказаў, што Беларусь ёсьць крыніцай заклапочанасьці АБСЭ і адзначыў, што трэба шмат намаганьняў, каб адсочваць падзеі ў Беларусі. Ён дадаў, што справа Бандажэўскага будзе пад яго асабістым кантролем і паведаміў, што вельмі хоча наведаць Беларусь.

Міністар замежных справаў Францыі Вэдрын у сваім выступе ўхваліў стварэньне адмысловай рабочай групы ПА АБСЭ ў справе Беларусі.

Пры канцы дня перад дэлегатамі выступіла жонка ўкраінскага журналіста Георгія Гангадзэ Міраслава. Рэч у тым, што Георгі Гангадзэ атрымаў прэмію АБСЭ ў галіне журналістыкі. Жонка Гангадзэ сказала, што будзе дамагацца міжнароднага расьсьледаваньня справы забойства яе мужа. На прэсавай канфэрэнцыі Міраслава Гангадзэ, згадваючы факт зьнікненьня апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, сказала пра важнасьць таго, каб у Беларусі і Ўкраіне запанавала законнасьць.

Дарэчы тут, у Пырыжы, чакаецца прыезд у панядзелак жонак зьніклых беларускіх палітыкаў Ганчара і Захаранкі, а таксама Завадзкага і Красоўскага. У іх заплянаваныя нефармальныя сустрэчы зь некаторымі дэлегацыямі, у прыватнасьці, швэдзкай.

Пленарныя паседжаньні Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ адновяцца ў панядзелак. Наступныя два дні будуць адбывацца сустрэчы ў камітэтах і фракцыях. Заўтра на паседжаньне фракцыі лібэралаў запрошаны Анатоль Лябедзька і сябра дэлегацыі Яраслаў Раманчук.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG