Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП НАЛАДЗІЛА Ў ЦЭНТРЫ МЕНСКУ ДА ГАДАВІНЫ ЗЬНІКНЕНЬНЯ ЗАВАДЗКАГА АКЦЫЮ “ХОЧАМ ВЕДАЦЬ ПРАЎДУ”


Ігар Карней, Менск

На майках актывістаў АГП — выявы зьніклых беларусаў: Ганчара, Захаранкі, Красоўскага, Завадзкага. Таму мінакі міжволі сьцішваліся каля жывога ланцуга і ахвотна бралі спэцвыпуск газэты "Народная воля".

Я пацікавіўся ў некаторых сяброў партыі, чыю ўвагу яны найперш імкнуцца прыцягнуць: шараговых мінакоў альбо ўладаў? Гаворыць лідэр Моладзі АГП Алесь Карніенка:

(Карніенка: ) "Хочам данесьці праўду да простых людзей, але ў пэўнай ступені і да ўладных структураў. Але найперш мы зьвяртаемся да сярэдняга слою — намэнклятуры, міліцыянтаў. Таму што ў іх саміх сэрца баліць, і ў прыватных гутарках яны кажуць: мы Лукашэнку нашага Захаранку ніколі не даруем".

(Карэспандэнт: ) "Як праваахоўчыя органы ўспрымаюць майкі з выявамі зьніклых?"

(Карніенка: ) "За майку пакуль не забіраюць. Хоць у Югаславіі Мілошавіч дадумаўся выдаць дэкрэт пра забарону маек з кулаком, які быў сымбалем "Адпору". Можа й Лукашэнка ўсьлед за дэкрэтам пра маскі надумае таксама забараніць майкі. Але мы ўсё роўна будзем іх насіць, будзем стаяць з партрэтамі й раздаваць улёткі".

Калі ў Менску пра зьніклых ведаюць многія, то ў рэгіёнах сытуацыя іншая. Вось што кажа Андрэй Максімаў:

(Максімаў: ) "Варта ад’ехаць крыху далей ад сталіцы, і сытуацыя проста жахлівая. Быў выпадак, калі нас затрымалі ў Дзяржынску, міліцыянты прасілі пачытаць "Нашу свабоду" — тады якраз пачалі друкаваць свае сэнсацыйныя матэрыялы сьледчыя.

Натуральна, што сёньня мы найперш прыцягваем увагу да Зьмітра Завадзкага. Мы, дарэчы, зрабілі ўсё для таго, каб сёньня жонкі зьніклых трапілі ў Маскву, а на заўтра заплянавалі іхную паездку ў Страсбург, дзе іх выслухаюць эўрапейскія парлямэнтары".

Мінакі да праблемы зьнікненьня людзей ставяцца збольшага вельмі сур’ёзна. Вось адно зь меркаваньняў:

(Мінак: ) "Зараз кожны дзень могуць прападаць людзі, і ніхто ня ведае, што зь імі будзе. У перадвыбарчай гонцы прэзыдэнт гуляе ў дэмакратыю, а пасьля выбараў ён усіх зацкуе, усе прападзём".

(Карэспандэнт: ) "Нейкія пэсымістычныя карціны вы малюеце…"

(Мінак: ) "Я не малюю, але такога варыянту выключаць нельга. Ён можа перамагчы, і трэба вельмі сур’ёзна ставіцца да выбараў. Каб мы ўсе не прапалі".

Міліцыя ў акцыю актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі ня ўмешвалася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG