Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ПАРУШЫЎ ЗАКОН, АМНІСТАВАЎШЫ ЛАПЦЕВА


Любоў Лунёва, Менск

Юрысты лічаць, што калі б Лукашэнка ўмяшаўся ў сытуацыю раней, да вынясеньня прысуду ці адразу пасьля затрыманьня Сяргея Лапцева, то ўсё б адпавядала нормам агульнапрынятай практыкі.

Нагадаем, Сяргей Лапцеў 3 ліпеня кінуў у Лукашэнку памідорам, калі той бег на роліках па праспэкце Скарыны. Лапцева адразу затрымалі й даставілі ў пастарунак, дзе ён суткі быў пад вартай. На наступны дзень пад вечар яму далі 7 сутак арышту за дробнае хуліганства. А праз гадзіну намесьнік начальніка міліцыі паведаміў Лапцеву, што той вольны — дзякуючы Лукашэнку.

Міхаіл Пастухоў лічыць, што гэтая сытуацыя — выразны прыклад злоўжываньня ўладай у асабістых мэтах.

(Пастухоў: ) "Гэта яскравы прыклад таго, як залежыць ад кіраўніка дзяржавы наша судовая ўлада. Лукашэнка казаў, што ён ня можа ўмешвацца ў дзейнасьць судоў, калі ішлі працэсы над Паўлам Шараметам і Зьмітром Завадзкім, Васілём Старавойтавым, Андрэем Клімавым.

А тут раптам, пад сьвяточны настрой ён адмяняе судовае рашэньне, якое было агучанае і пачало законна дзейнічаць. Службовая асоба на тэлефонны загад адпускае з-пад варты арыштаванага, і гэта лічыцца нормай. Але ж ёсьць артыкулы Крымінальнага кодэксу — злоўжываньне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі, якія забараняюць службовым асобам ужываць уладу ў карысьлівых альбо асабістых мэтах".

Міхаіл Пастухоў разглядае памілаваньне Сяргея Лапцева як PR-акцыю напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

(Пастухоў: ) "Што перашкаджала Лукашэнку яшчэ да судовага разьбіральніцтва праявіць акт гуманнасьці, папрасіць супрацоўнікаў міліцыі адпусьціць гэтага памідоракідальніка? Але ж тут прысуд ужо вынесены, і ніхто ня можа паўплываць на выкананьне пакараньня. Гэта можна ацаніць як PR-акцыю. Лукашэнка ў сьвяточны дзень дэманструе які ён добры, што ён можа памілаваць кожнага.

Як юрыст я магу канстатаваць, што гэта злоўжываньне ўладай і яскравае сьведчаньне таго, што суды насамрэч залежаць ад выканаўчай улады і асабіста ад кіраўніка дзяржавы Лукашэнкі", — мяркуе Міхаіл Пастухоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG