Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭМ’ЕР БАСЬНІЙСКАЙ СЭРБСКАЙ РЭСПУБЛІКІ ЗАЯВІЎ, ШТО РЭСПУБЛІКА ЗГОДНАЯ ВЫДАВАЦЬ ВАЕННЫХ ЗЛАЧЫНЦАЎ


Сяргей Навумчык, Прага

У сёньняшнім нумары газэты The Washington Post цытуюцца словы прэм’ер-міністра Басьнійскай сэрбскай рэспублікі Младэна Іваніча, што некаторыя падазраваныя могуць шукаць сховішча ў ягонай краіне, паколькі суседняя Югаславія выдала экс-прэзыдэнта Слабадана Мілошавіча. Басьнійскі прэм’ер заклікаў асобаў, якіх абвінавачваюць – і найперш сэрбскага лідэра часоў басьнійскай вайны Радавана Караджыча і генэрала Радку Младзіча – здацца Гаагсаму трыбуналу.

Младэн Іваніч зрабіў гэтыя заявы падчас візыту ў Галяндыю, мэта якога – сустрэча з галоўным пракурорам Карлай дэль Понтэ і іншымі афіцыйнымі прадстаўнікамі трыбуналу ААН. Басьнійскія крыніцы паведамілі, што Іваніч прыбыў у Гаагу у выніку ціску на ягоную краіну з боку Захаду, які дамагаецца пошуку і выдачы падазраваных у злачынствах. Прадстаўнікі трыбуналу заявілі, што візыт быў заплянаваны месяц таму, і быў ніяк не зьвязаны з Мілошавічам, які апынуўся перад трыбуналам у мінулы аўторак.

Выступаючы перад журналістамі, Младэн Іваніч заявіў:

(Іваніч: ) “Той факт, што спадар Мілошавіч апынуўся тут – цалкам мяняе сытуацыю вакол Сэрбскай Рэспублікі. Практычна, цяпер нашая краіна ўспрымаецца як апошняя частка колішняй Югаславіі, якая яшчэ не супрацоўнічае з Гаагскім трыбуналам”.

Аднак Іваніч заявіў, што выдача Мілошавіча павялічыла ціск на басьнійскае кіраўніцтва з мэтай арышту і выдачы падазраваных.

New York Times у сёньняшнім нумары адзначае, што цяперашняя заява кіраўніка басьнійскага ўраду, які раней быў ня схільны да супрацоўніцтва зь Міжнародным трыбуналам, тычыцца найперш Караджыча і Младзіча, якіх абвінавачваюць у генацыдзе ды іншых злачынствах падчас вайны ў Босьніі.

Аднак, цытуе New York Times словы басьнійскага прэм’ера, іх арышты пад пытаньнем ня толькі таму, што пакуль існуюць пэўныя юрыдычныя акалічнасьці, але яшчэ і таму, што месца іхняга знаходжаньня – невядомае.

Тым ня менш, Іваніч заявіў, што зьяўленьне Мілошавіча перад трыбуналам цалкам мяняе сытуацыю. Раней прадстаўніца трыбуналу заявіла, што Басьнійская рэспубліка была апошняй зонай бясьпекі для вайсковых злачынцаў. “Там знаходзяцца больш чым дваццаць абвінавачаных, і ўлады ведаюць, дзе некаторыя зь іх,” – заявіла прадстаўніца Гааскага трыбуналу.

Младэн Іваніч заявіў на прэсавай канфэрэнцыі, што ў аўторак ягоны ўрад прадставіў законапраект, які прыводзіць у дзеяньне працэс выдачы ваенных злачынцаў. Паводле басьнійскай прэсы, на мінулым тыдні Іваніч кантактаваў з прэм’ерам Сэрбіі Зоранам Джынжычам, які арганізаваў выдачу Мілошавіча.

Басьнійскі прэм’ер паведаміў, што пасьля прыняцьця законапраект павінен быць ухвалены Вярхоўным судом, “і тады, ужо не застанецца ніякага іншага варыянту, як толькі зрабіць справу, а менавіта – правесьці арышты,” – цытуе New York Times словы Младэна Іваніча.

Чакаецца, што ў пятніцу кіраўнік Гааскага трыбуналу Карла дэль Понтэ наведае Харватыю. Там яна будзе дамагацца прысьпешыць арышты падазраваных у злачынствах. Сярод іх – і тры генэралы, якіх абвінавачваюць у зьнішчэньні сотняў мірных сэрбскіх грамадзянаў у 1995 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG