Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІЯ ПЛЯНЫ МАЕ Ў ПАРЫЖЫ ДЭЛЕГАЦЫЯ ВЯРХОЎНАГА САВЕТУ БЕЛАРУСІ?


Ігар Карней, Менск

Пакуль пытаньне наконт прадстаўніцтва Беларусі ня вырашанае, у Парыж накіраваліся дзьве беларускія дэлегацыі: ад Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня група пад кіраўніцтвам Анатоля Лябедзькі; ад "палаты прадстаўнікоў" — пад кіраўніцтвам Барыса Бікініна. Вось як акрэсьліў мэту паездкі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Для нас сэсія Парлямэнцкай асамблеі складаецца зь дзьвюх частак. Першая — гэта паседжаньне мандатнай камісіі па беларускім пытаньні, гэта значыць, зноў будуць разглядаць пытаньне пра тое, якая дэлегацыя мае права прадстаўляць інтарэсы Беларусі. Тут мы прагназуем, што будзе рашэньне на карысьць так званага "пустога крэсла". Такім чынам ПА АБСЭ прыме для Беларусі той статус, які існуе у Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.

Другая складовая частка — непасрэдна сама сэсія. Нягледзячы на тое, што ў нас ня будзе магчымасьці ўдзельнічаць у галасаваньні, ёсьць падстава для добрых камунікацыяў: у нас заплянаваны выступ у некалькіх фракцыях ПА АБСЭ і заплянаваны цэлы шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі нацыянальных дэлегацыяў".

Спадар Лябедзька дадаў, што існуе верагоднасьць прыняцьця адмысловай рэзалюцыі ПА АБСЭ па Беларусі. Прынамсі, папярэдне была праведзеная пэўная праца, каб нацыянальныя дэлегацыі ЗША, Швэцыі й Эстоніі прапанавалі праект да разгляду на паседжаньні камітэту.

Апроч прыярытэтнага кірунку (а гэта працэдура фармаваньня выбарчых камісіяў), размова ідзе і пра іншае: пра нездаровы палітычны клімат, адсутнасьць прагрэсу ў справе зьніклых, шэраг новых дэкрэтаў (у прыватнасьці, дэкрэт №20). Нарэшце, пра тое, што да асуджанага дэпутата Клімава дадаўся дэпутат Шчукін.

Яшчэ ў часе знаходжаньня ў Страсбургу папярэдне дамоўлена наконт супольнай заявы прэзыдэнта ПА Рады Эўропы Расэла Джонсана й прэзыдэнта ПА АБСЭ Адрыяна Севярына адносна фармаваньня выбарчых камісіяў у Беларусі. Дзеля гэтага Лябедзька, Кудзінаў, Хоміч і Раманчук павезьлі ў Парыж зварот да дзейнага старшыні АБСЭ за подпісам шэрагу прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта, а таксама кіраўнікоў палітычных партыяў.

І яшчэ адна вельмі важная, паводле Анатоля Лябедзькі, ініцыятыва — падняць беларускае пытаньне да статусу агульнаэўрапейскага. Прапануюць правесьці чацьвертую тэхнічную канфэрэнцыю па Беларусі з удзелам прадстаўнікоў як з Захаду, так і з Усходу. Адмыслоўцы з Расеі, ЗША, Рады Эўропы, Эўрапарлямэнту, а таксама прадстаўнікі беларускай апазыцыі й ураду павінны акрэсьліць выразную пазыцыю адносна прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG