Лінкі ўнівэрсальнага доступу

WASHINGTON POST ПРА “ЭСКАДРОНЫ СЬМЕРЦІ”


Сяргей Навумчык, Прага

Пятага жніўня летась Зьміцер Петрушкевіч разам са сваімі калегамі з крымінальнага вышуку арыштаваў некалькі чалавек, што падазраваліся ў жорсткім забойстве і крадзяжы. Падчас ператрусу ў кватэры аднаго зь іх была знойдзеная выразка з газэты – інтэрвію з журналістам Зьмітром Завадзкім, апэратарам расейскага тэлеканалу, які, пасьля выбуху скандальнай сытуацыі паміж ОРТ і рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, бязь вестак зьнік.

Некалькі тыдняў таму Петрушкевіч апынуўся ў эпіцэнтры падзеяў, якія выйшлі па-за межы звычайнага забойства і нават вядомага выкраданьня Зьмітра Завадзкага. Арыштаваныя, як высьветлілася, уваходзілі ў банду, якую ўзначальваў падпалкоўнік элітнага падразьдзяленьня. Калі яго затрымалі, ён прызнаўся, што яму вядомае месца пахаваньня цела Завадзкага. Аднак калі дэтэктывы паспрабавалі капнуць глыбей, ўмяшаўся прэзыдэнт Лукашэнка. Ягоным загадам былі зьнятыя з пасадаў генэральны пракурор і шэф КДБ, а падпалкоўнік быў вызвалены з-пад варты і нават атрымаў узнагароду ад Лукашэнкі.

У мінулым месяцы Петрушкевіч разам з іншым супрацоўнікам пракуратуры Алегам Случакам пакінуў Беларусь і апынунуліся ў Злучаных Штатах. Яны выказалі перакананьне, што забойцы Завадзкага ўваходзілі ў створаны ўладамі дзяржаўны эскадрон сьмерці, які за тры гады зьдзейсьніў каля 30 забойстваў, уключна з забойствамі чатырох вядомых палітычных праціўнікаў Лукашэнкі. Сьледчыя таксама заявілі, што яны самі могуць стаць наступнымі ахвярамі. “Яны адпрацавалі схему ідэальнага забойства, – лічыць Петрушкевіч, – і цяпер высьветлілася, што мы будзем наступнымі мішэнямі”.

Гэтая жахлівая гісторыя фізычнай расправы асобаў, няўгодных дзяржаве, – піша Джэксан Дыэль у The Washington Post, – адбылася ў краіне з насельніцтвам у 10 мільёнаў, што знаходзіцца ў самым цэнтры Эўропы, паміж Польшчай, якая ўступіла ў НАТО, і Расеяй. Аднак прэзыдэнт краіны Аляксандар Лукашэнка, адзін з найменш вядомых у сьвесце тыранаў, які ў апошняе дзесяцігодзьдзе фальсыфікаваў выбары, намагаўся ўзнавіць Савецкі Саюз і, выглядае, замовіў забойствы сваіх апанэнтаў, не прыцягваючы ўвагі сусьветнай супольнасьці або, у адрозьненьне ад Слабадана Мілошавіча і Аўгусто Піначэта, спрбаў прыцягнуць яго да адказнасьці.

Лукашэнка, – піша Джэксан Дыэль у The Washington Post, – прызначыў новыя прэзыдэнцкія выбары на пачатак верасьня і спадзяецца шляхам маніпуляцыяў працягнуць свае паўнамоцтвы яшчэ на пяць гадоў. Вось чаму Петрушкевіч і Случак рызыкнулі жыцьцём і спадзяюцца, што іхнія зьвесткі пра злачынствы вымусяць беларусаў, а таксама кіраўніцтва заходніх краінаў і Расеі, дамагацца пераменаў. “Мы спадзяемся, што дзякуючы нашым дзеяньням людзі нарэшце зьвернуць увагу на падзеі ў Беларусі,” – сказаў Случак.

Двое маладых сьледчых на мінулым тыдні прыехалі ў Вашынгтон з іншага амэрыканскага гораду, дзе яны цяпер хаваюцца, з тым каб прадаставіць доказы датычнасьці ўраду Лукашэнкі да забойстваў. Часткова іхняя версія пацьверджана самімі ўладамі, якія зь леташняга жніўня ўтрымліваюць пад вартай чацьвярых падазраваных у забойстве Завадзкага. Усе арыштаваныя – колішнія супрацоўнікі ваенізаванага падразьдзяленьня і прыхільнікі ваенізаванай шавіністычнай групоўкі, якая, як і Лукашэнка, марыць ікарпараваць Беларусь у Расейскую імпэрыю.

Петрушкевіч і ягоныя калегі высьветлілі, што паказаньні відавочцаў выкраданьня Завадзкага і трох іншых палітычных дзеячоў, у тым ліку былога міністра ўнутраных справаў Захаранкі і былога віцэ-прэм’ера Ганчара, выяўляюць пэўную заканамернасьць – ва ўсіх выпадках фігуравалі дзяржаўныя аўтамабілі з танаваным шклом, за якім нельга разгледзець твары невядомых асобаў. Сьледчыя таксама даведаліся з крыніцаў у беларускім КГБ, што пачынаючы з 1998 году падобныя апэрацыі па выкраданьні й забойстве былі пасьпяхова праведзеныя “эскадронам сьмерці” ў дачыненьні да крымінальных аўтарытэтаў.

Найбольш уражвае, – піша Джэксан Дыэль у The Washington Post, – інфармацыя пра чалавека, які і цяпер застаецца на волі: Дзмітры Паўлючэнка, камандзір элітнага падразьдзяленьня хуткага рэагаваньня, якое разьмясьцілася на адной з ваенных базаў пад Менскам. На сувязь паміж Паўлючэнкам і іншымі членамі банды ўказаў чалавек, якога бандыды выкралі, але пакінулі ў жывых – фінансавы супрацоўнік мністэрства культуры, які трапіў у няміласьць пасьля таго, як абвінаваціў ў махлярстве уплывовую дырэктарку Дзяржцырку.

З дазволу свайго начальніка, генэральнага пракурора краіны Алега Бажэлкі, і шэфа КДБ Уладзімера Мацкевіча сьледчыя арыштавалі Паўлючэнку летась 21 лістапада. Ён прызнаў сваю сувязь з арыштаванымі па справе Завадзкага і заявіў, што цела журналіста пахавана ў раёне Паўночных могілак. Бажэлка і Мацкевіч неадкладна загадалі правесьці пошук трупа і накіравалі сьледчую групу для ператрусу на месца працы Паўлючэнкі.

Аднак у справу умяшаўся Лукашэнка. Ён адправіў у адстаўку Бажэлку і Мацкевіча і, на ўсялякі выпадак, міністра культуры, які спрабаваў абараніць свайго чыноўніка. Прэзыдэнт вызваліў Паўлючэнку і публічна папрасіў у яго прабачэньня за арышт. У імгненьне вока Лукашэнка прызначыў новым генэральным пракурорам Віктра Шэймана – таго самага, якога сьледчыя лічаць сувязным паміж самім Лукашэнкам і эскадронам сьмерці.

Прадстаўнікі адміністрацыі прэзыдэнта Буша, – піша Джэксан Дыэль у The Washington Post, – заяўляюць, што вельмі сур’ёзна ставяцца да інфармацыі Петрушкевіча й Случака. Цікава, што ўрад Уладзімера Пуціна, у якога больш чым дастаткова рычагоў для таго, каб зьняць Лукашэнку, нібыта таксама зацікавіўся гэтай гісторыяй. Сьледчыя кажуць, што Мацкевіч і Бажэлка таксама зьехалі і цяпер знаходзяцца ў Маскве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG