Учора а палове на восьмую вечара зьбілі Тацяну Раманенку з групы Зянона Пазьняка, якая прыйшла ў інтэрнат №3 Беларускага ўнівэрсытэту транспарту па вуліцы Чырвонаармейскай у Гомелі.
На ўваходзе спадарыню Раманенку сустрэла вахцёрка і даведаўшыся пра мэту візыту, спрабавала не пусьціць Тацяну. Але тая ўсё ж увайшла і накіравалася ў пакой, дзе два студэнты паставілі свае подпісы за вылучэньне Зянона Пазьняка кандыдатам у прэзыдэнты.
Не пасьпела Тацяна пакінуць пакой, як на парозе на яе з кулакамі кінулася вахцёрка. Яна крычала, што патэлефанавала камэнданту інтэрнату і што ёсьць загад рэктара, які забараняе пабочным асобам уваходзіць у інтэрнат.
Сёньня на левай руцэ Тацяны Раманенкі выразна праявіўся вялікі сіняк у выглядзе вахцёрская пяцярні. Завуць вахцёрку Надзея Волкава. Тацяна Раманенка накіравала скаргу пракурору Чыгуначнага раёну Гомеля, на чыёй тэрыторыі знаходзіцца інтэрнат №3, а копію скаргі даслала ў Цэнтарвыбаркам.
Учора ж член групы Зянона Пазьняка Ўладзімер Шыцікаў паўтары гадзіны спрабаваў увайсьці ў інтэрнат Політэхнічнага ўнівэрсытэту імя Сухога. На ўваходзе яго сустрэлі вахцёрка і камэндант і паспрабавалі забраць пасьведчаньне зьбіральніка подпісаў.
Усё скончылася тым, што ўрэшце без дваццаці хвілінаў дзевяць яго пусьцілі, але папярэдзілі, што роўна а дзявятай гадзіне ён мусіць пакінуць інтэрнат (згодна з рэжымам). І сапраўды — выдалілі дакладна а дзявятай.
Між тым, у часопісе наведваньняў на ўваходзе можна прачытаць, што тут бесьперашкодна былі групы Лукашэнкі, Гайдукевіча і Калякіна.